Skip to main content

Набажэнствам для асобаў з абмежаванымі магчымасцямі адзначылі ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры Сусветны дзень хворых

11 лютага
  • 12 лютага, 2025
  • Фота з архіву Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра // Catholicminsk.by

11 лютага ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску з нагоды Сусветнага дня хворых адбылося адмысловае набажэнства з удзелам асобаў з абмежаванымі магчымасцямі.

Святую Імшу ў літургічны ўспамін Маці Божай з Люрда ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з ім канцэлебравалі святую Імшу Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і капелан Цэнтра ксёндз Аляксандр Шамрыцкі МІС.

Падчас прамоўленай гаміліі арцыпастыр прыпомніў сабраным гісторыю аб’яўленняў Маці Божай маладой дзяўчыне Бэрнадэце Субіру ў 1858 г. Ён падкрэсліў, што гэтыя прыватныя аб’яўленні сталі “пацвярджаннем неба” аб’яўленаму ў 1854 годзе благаслаўлёным Папам Піем ІХ дагмату аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі.

Сёння Люрд з’яўляецца найвялікшым марыйным санктурыем у свеце, які штогод наведвае каля 6 мільёнаў пілігрымаў. Вада гэтага санктуарыя з’яўляецца гаючай. У гэтым незвычайным месцы адбываецца шмат цудаў аздараўлення душы і цела.

У люрдскіх аб’яўленнях Марыя заклікала людзей да малітвы, пакаяння і больш глыбокіх адносін з Езусам. Гэты заклік актуальны і ў наш час, напоўнены небяспечнымі выклікамі. Калі мы перажываем вялікі крызіс веры і адчуваем сябе разгубленымі, Марыя, з’яўляючыся “маяком надзеі”, праз аб’яўленні ў Люрдзе запрашае нас скіраваць сэрцы да Бога.

“Выказаная Марыяй падчас Звеставання згода з Божай воляй – гэта  сведчанне яе непахіснай веры і бязмежнага даверу да Бога. Гэта лекцыя для нас, калі мы хочам каб адбыўся цуд нашага аздараўлення”, – зазначыў іерарх.

Будучы простай вясковай дзяўчынкай, Бэрнадэта Субіру стала выбраным Марыяй інструментам Яе паслання любові і аздараўлення. Гэты факт нагадвае нам пра тое, што Бог часта дзейнічае праз простых людзей. Мы таксама пакліканы прыняць дух Марыйнай пакоры і даверу, каб стаць інструментамі ў Божых руках, асабліва з мэтай рэалізацыі яе паслання малітвы, пакаяння і дапамогі патрабуючым, асабліва хворым.

“На падабенства Марыі, якая праз аб’яўленні святой Бэрнадэце Субіру прынесла свету надзею, таксама і мы павінны быць носьбітамі надзеі і яе голасам ў сучасным свеце”, – падсумаваў арцыпастыр.

“Марыя, набліжай нас да твайго Сына, натхняй жыццём, якое адлюстроўвае Яго любоў і міласэрнасць, будзь нам маяком і вядзі нас праз жыццё ў веры і любові!” – усклікнуў, завяршаючы гамілію, арцыбіскуп Кандрусевіч.

Падчас святой Імшы быў удзелены сакрамэнт намашчэння хворых асобам з абмежаванымі магчымасцямі, хворым, а таксама пажылым і сталым вернікам.

Пасля Эўхарыстыі адбылася забаўляльная праграма, падрыхтаваная Цэнтрам, у якой прынялі ўдзел асобы з абмежаванымі магчымасцямі.