Skip to main content

Моладзь Мінска распачала Вялікі пост адарацыяй у парафіі Божага Цела

26 лютага
  • 2 сакавіка, 2026
  • Тэкст: Ірэна Ахрамовіч / Фота: Анастасія Кавалёнак // Catholicminsk.by

Каля 70 юнакоў і дзяўчат з розных парафій сталіцы сабраліся на пачатку Вялікага посту ў парафіі Божага Цела ў мікрараёне Ангарская ў Мінску.

Сустрэча адбылася ў святыні, якую кансэкравалі ў чэрвені мінулага года. Маладыя людзі прыйшлі, каб разам памаліцца перад Езусам у Найсвяцейшым Сакрамэнце.

Перад адарацыяй да ўсіх звярнуўся айцец Сяргей Трысцень OCD — ён расказаў пра гісторыю гэтай святыні.

А сам малітоўны настрой дапамагала ствараць моладзь з парафіі святога Валянціна са Смалявіч разам з братам Вадзімам Войцікам OFMCap.

Тэмай малітвы сталі словы з Евангелля паводле Яна: «А цяпер іду да Цябе…» (Ян 17, 13). Гаворка ішла пра шлях сэрца — ад унутранай раз’яднанасці да сапраўднай еднасці з Богам, з бліжнімі і з самім сабой.

Кожны ўдзельнік атрымаў невялікае папяровае сэрца — сімвал таго, што мы носім у сабе: крыўды, цяжкасці, духоўныя раны. Падчас адарацыі можна было падысці да крыжа, прымацаваць сваё сэрца да вялікага сэрца, запаліць свечку і ўзяць маленькі падарунак — як знак таго, што Бог нас любіць і прымае такімі, як мы ёсць.

Малітоўныя разважанні, падрыхтаваныя моладдзю, закранулі тры ключавыя ўзроўні, на якіх чалавек перажывае раз’яднанасць:

  • першы — гэта канфлікт з самім сабой, калі страх прызнаць сваю недасканаласць або празмернае пачуццё віны перашкаджаюць сустрэцца з Божай любоўю;
  • другі — раз’яднанасць з бліжнім, якая часта пачынаецца з ціхай абыякавасці ці нежадання прабачаць;
  • і трэці, найбольш глыбокі ўзровень — страта сувязі з Богам, калі Яго прысутнасць здаецца далёкай, а сэрца застаецца адно ў сваёй пустэчы.
Аднак падчас адарацыі прагучаў важны напамін: Хрыстус ужо перамог усякі падзел.

Яго словы «каб яны былі адно, як і Мы» (пар. Ян 17, 22) — гэта запрашэнне для кожнага. І шлях да пераменаў пачынаецца з простых крокаў: папрасіць прабачэння, падтрымаць кагосьці побач, дазволіць Богу быць у сваім жыцці.

Пасля адарацыі супольная гарбата і размовы сталі для моладзі добрым завяршэннем вечара, спрыяючы ўмацаванню братэрскай еднасці, пра якую яна малілася перад Езусам у Найсвяцейшым Сакрамэнце.