Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя аб папярэджанні генацыду і пакаранні за яго з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
- 12 снежня, 2025
- Фота: БЕЛТА
- Паводле Catholic.by
11 снежня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Старшыня ККББ, прыняў удзел у трэцяй Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прымеркаванай да 77-годдзя з дня прыняцця Канвенцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый аб папярэджанні генацыду і пакаранні за яго.
Як паведамляе агенцтва БЕЛТА, на канферэнцыі таксама прысутнічалі кіраўнікі асноўных канфесій Беларусі. Яны заклікалі асэнсаваць урокі гісторыі і зрабіць глыбокія і сумленныя вывады, а таксама звярнулі ўвагу на пытанні, якія сёння стаяць перад грамадствам: як данесці да шырокай аўдыторыі, асабліва моладзі, маштабы генацыду беларускага народа, як эфектыўна супрацьстаяць любым спробам фальсіфікацыі гісторыі, што яшчэ трэба зрабіць, каб трагічныя падзеі ніколі не паўтарыліся. Адказы на гэтыя і іншыя пытанні немагчымы без адкрытага, шчырага і публічнага дыялогу, навуковых даследаванняў і цеснага супрацоўніцтва зацікаўленых як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі сардэчна прывітаў усіх удзельнікаў канферэнцыі і адзначыў важнасць гэтай падзеі, якая аб’ядноўвае навукоўцаў, правазнаўцаў, прадстаўнікоў судовай улады і рэлігійных аб’яднанняў дзеля міру, справядлівасці і годнасці кожнага чалавека.
У сваім звароце Мітрапаліт падкрэсліў, што Святое Пісанне нагадвае нам аб каштоўнасці жыцця і адказнасці ахоўваць слабых: «Не забі» (Зых 20, 13) і запаведзь «Любі бліжняга свайго, як самога сябе» (Лев 19, 18; Мц 22, 39). Паводле яго слоў, гэтыя прынцыпы ляжаць у аснове любога правапарадку і служаць таксама маральным арыенцірам дзейнасці Касцёла.
Іерарх адзначыў, што Канвенцыя ААН аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго — важны інструмент міжнароднага супрацоўніцтва, які патрабуе павагі суверэнітэту дзяржаў, яснасці прынцыпаў і эфектыўнай каардынацыі паміж інстытутамі.
— падкрэсліў арцыбіскуп.
Напрыканцы свайго звароту арцыпастыр выказаў падзяку арганізатарам за ініцыятыву абмеркаваць пытанні прадухілення генацыду і механізмаў пакарання: «Няхай удзел экспертаў прынясе практычныя вынікі: узмацненне прафілактыкі, павышэнне эфектыўнасці правапрымянення і выхаванне грамадства, дзе каштоўнасць жыцця прызнаецца ва ўсіх яе праявах».