Мітрапаліт з візітам на Магілёўшчыне
- 28 чэрвеня, 2025
- Фота: кс. кан. Юрый Ясевіч, кс. Міхал Бубен // Catholicminsk.by

Бягучы год вельмі насычаны мерапрыемствамі духоўнага і грамадскага зместу. Гэта тлумачыцца выказваннем, што ўсё ў руху, час не стаіць на месцы. А паколькі і Дзяржава і Касцёл — гэта сям’я сем’яў, то і мерапрыемствы адны, — яны аб’ядноўваюць нашу беларускую сям’ю.
Так перажываючы Юбілейны год хрысціянства, мы памятаем і пра юбілеі нашых парафій, бо Касцёл — гэта парафіяльная і сінадальная супольнасць. З гэтым намерам Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі разам з прэс-сакратаром Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі ксяндзом канонікам Юрыем Ясевічам гэтымі днямі накіраваліся на Магілёўшчыну, а менавіта ў Шклоў, Фашчаўку і Княжыцы.
Першым месцам прыпынку была Фашчаўка, у якой некалі была значная па памерах святыня, найбольшая на тэрыторыі сённяшняй Беларусі. Цяпер там знаходзіцца ўтульная капліца з класамі для катэхезы і плябаніяй. У гэтым месцы арцыпастыр памаліўся за продкаў, якія пабудавалі капліцу, і наведаў найстарэйшых парафіянаў.

Сардэчную размову са сталай парафіянкай прышлося скараціць, бо ў Шклове іерарха чакала сустрэча са старшынёй райвыканкама Бартош Сяргеем Іванавічам. Адбылася сардэчныя сустрэча, падчас якой бакі падзяліліся меркаваннямі аб далейшай сумеснай працы. Мітрапаліт падараваў гасціннаму гаспадару Шклоўшчыны адзін з тамоў альбома «Святыні Беларусі», у якім адлюстраваны касцёлы нашай краіны ў яе Магілёўскай частцы. Сяргей Іванавіч падараваў дастойнаму госцю альбом аб гісторыі Шклоўскага раёна, выдадзены з нагоды яго 100-гадовага юбілею.
Таксама адбылася сустрэча з начальнікам аддзела ідэалагічнай працы і па справах моладзі Шклоўскага райвыканкама Аксанай Дарагонька, якая выказала пазітыўнае меркаванне аб працы каталіцкага духавенства з моладдзю і дзецьмі.

Каб не стаміцца ў дарозе, пілігрымы накіраваліся да крыніцы, дзе адпачылі і наталіліся крыштальна чыстай вадой, якая заспакойвае смагу многіх пакаленняў.
Першы дзень закончыўся святой Імшой у шклоўскай святыні святых Пятра і Паўла. У гэты дзень, калі Касцёл святкаваў Урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, а Шклоўскі рэгіён — дзень вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Мітрапаліт Станеўскі падчас Імшы маліўся за абаронцаў веры і Айчыны. Таксама адбылася гістарычная рэканструкцыя вызвалення Шклова, якую пабачылі і нашы пілігрымы.
















