Skip to main content

Мітрапаліт наведаў парафію ў Дзераўной

1 лютага
  • 3 лютага, 2026
  • Тэкст: кс. кан. Юрый Ясевіч / Фота: з архіва парафіі // Catholicminsk.by

1 лютага, ў 4-ю Звычайную Нядзелю, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, наведаў парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў аграгарадку Дзераўная (Стаўбцоўскі дэканат).

Пры ўдзеле мясцовых вернікаў, дзяцей і моладзі іерарх узначаліў Эўхарыстыю ў святыні.

Напачатку Імшы арцыпастыра прывітаў ксёндз Міхал Бубен, які з нядаўняга часу выконвае служэнне пробашча гэтай парафіі. Святар у сваёй прамове падкрэсліў асаблівае значэнне прыбыцця арцыбіскупа ў дзераўнянскую парафію ў дзень, калі ён адзначае 12-годззе біскупскага пасвячэння.

У прамоўленай гаміліі Мітрапаліт падкрэсліў, што кожны ахрышчаны з’яўляецца апосталам і мае абавязак, на сваім месцы і у сваім пакліканні, даваць годнае і праўдзівае сведчанне сваёй веры і хрысціянскага стылю жыцця.

Пасля святой Імшы арцыбіскуп Юзаф Станеўскі разам з дзецьмі пазваніў у парафіяльны звон. Ён дагэтуль знаходзіцца на вежы касцёла, але доўгі час «маўчаў», а цяпер сваім звонам будзе абвяшчаць і заахвочваць кожнага парафіяніна да ўдзелу ў штодзённай Эўхарыстыі.

Таксама Мітрапаліт наведаў капліцу ў вёсцы Ніўнае, дзе сустрэўся з вернікамі і цэлебраваў Эўхарыстыю.

Традыцыйна ў час наведвання святарамі дамоў вернікаў з душпастырскім візітам арцыпастыр «наведаў» парафіяльную плябанію. Пасля супольнай малітвы ён здзейсніў благаслаўленне і акрапленне асвечанай вадой будынка плябаніі.

Пасля гэтага іерарх сустрэўся з парафіянамі, які мелі магчымасць задаць яму асабістыя пытанні.