ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: З любові да Марыі
- 18 ліпеня, 2024
- Тэкст і фота: Ганна Бычынская // Catholicminsk.by
У парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах ёсць прыгожая традыцыя – аднаўленне абяцанняў Найсвяцейшай Панне Марыі членамі Жывога ружанца. Ружаў у нашай парафіі сем, сярод іх адна мужчынская – слугі Божага айца Фабіяна. Кожнае ружанцовае кола мае назву і ў дзень успаміну свайго нябеснага апекуна просіць аб цэлебрацыі святой Імшы ў інтэнцыі членаў Ружы.
У дзень успаміну Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль, 16 ліпеня, падчас святой Імшы сваю любоў і адданасць Божай Маці пацвярджалі члены Ружы Маці Божай Шкаплернай. Трымаючы ў руках ружанцы і лампадкі, яны паўтаралі за ксяндзом Вячаславам Дубаўцом: «Цябе, о Найсвяцейшая Маці, Каралева святога Ружанца, сёння пакорна прашу стаць маёй Апякункай і Заступніцай, каб ва ўсіх маіх патрэбах, цяпер і ў гадзіну маёй смерці, Ты падтрымлівала мяне. Амэн».
Ружа Маці Божай Шкаплернай даволі маладая ў нашым касцёле, ёй усяго тры гады. Але разам са сваім аніматарам Рэгінай Дзенісенка члены Ружы актыўна ўдзельнічаюць у жыцці парафіі, распаўсюджваюць шанаванне Марыі ўласным прыкладам і апостальскай дзейнасцю.
Дзень успаміну Маці Божай Шкаплернай стаў знакавым таксама і для чатырох жанчын з парафіі – з рук ксяндза Вячаслава яны прынялі святы шкаплер, аддаючы сябе пад апеку Багародзіцы і абяцаючы наследаваць цноты Найсвяцейшай Маці i распаўсюджваць Яе хвалу. Кармэліцкі шкаплер з’яўляецца знакам апекі і заступніцтва Марыі, нашай Каралевы, Сястры і Маці, а таксама азначае нашую гатоўнасць стаць падобнымі да Яе Сына. У дзень Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль прыняты шкаплер няхай стане сімвалам Марыйнай апекі над душой і целам у гэтым жыцці і, асабліва, у хвіліну смерці.
Тваёй абароне аддаёмся, святая Багародзіца!