ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Вялікапосныя рэкалекцыі «Я — Пан, Бог Твой» прайшлі ў Стоўбцах
- 1 красавіка, 2025
- Тэкст і фота: Ганна Бычынская // Catholicminsk.by

З 28 па 30 сакавіка ў парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах адбываліся адбываліся вялікапосныя рэкалекцыі, якія правёў брат Віталій Бандаронак OFMCap, настаяцель кляштара ў Копішчы (Новая Баравая) пад Мінскам. Галоўнай тэмай духоўных практыкаванняў сталі словы, якія часта сустракаюцца ў Святым Пісанні: «Я — Пан, Бог Твой».
На працягу трох дзён нашыя вернікі, адклаўшы свае паўсядзённыя клопаты, мелі магчымасць яднацца з Езусам падчас адарацыі, прысвяціць свой час малітве, разважанням над Божым словам, духоўнаму ўзбагачэнню, паглыбіць веру, пастарацца зразумець, якіх жыццёвых рашэнняў чакае ад нас Бог.

«Просім моцы Духа Святога асвяціць нашыя сэрцы, каб мы маглі прыняць дар Божай любові, перажываць у радасці і спакоі нашую рэчаіснасць, бачыць Божы Провід, які ўсцяж дзейнічае ў нашым жыцці.
Бог для кожнага з нас мае падрыхтаваныя ласкі. Усё залежыць толькі ад таго, наколькі шчыра і поўна мы адкрыем на Яго свае сэрцы.
Выкарыстайма магчымасць для нас паглядзець на нейкую сітуацыю з іншага боку, падумаць над тым, што мы ўкладваем у паняцце “я веру”, як гэтая вера выглядае»,
– простыя і шчырыя словы айца Віталія, напэўна, не пакінулі нікога абыякавым.
Рахунак сумлення і Крыжовы шлях, праведзеныя святаром, яго канферэнцыя і казанні – усё спрыяла таму, каб «падлячыць» наша духоўнае здароўе, дапамагчы адшукаць у нашых душах месца Бога.

Мы ўдзячныя брату Віталію Бандаронку за тое, што быў з намі, за навуку, за магчымасць падумаць над сваёй штодзённасцю, а нашаму пробашчу ксяндзу Ігару – за арганізацыю гэтай сустрэчы, якая, напэўна, дапамагла ўмацаваць наш дух, аздаравіць нашую душу і маральнасць.