ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Велікапоснае чуванне моладзі — шлях да Айца
- 24 сакавіка, 2026
- Тэкст: Анастасія Кухальская / Фота : Анастасія Кавалёнак, Дар’я Токарава // Catholicminsk.by
Вялікі пост — асаблівы час духоўнага ўдасканалення, малітвы і надзеі. Традыцыйна кожны год у гэты перыяд адбываецца Велікапоснае чуванне моладзі. Сёлета яно прайшло ў ноч з 21 на 22 сакавіка ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Тэмай чування былі абраныя словы «Я іду да Айца».
У аснову ідэі мерапрыемства лягла прыпавесць Хрыста пра блуднага сына. На ўваходзе ўдзельнікаў чакаў любячы айцец, які прымае сваё дзіця, прабачае яму, нягледзячы на ўсё, абдымае і даруе пярсцёнак.
Чуванне распачалося святой Імшой, якую ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, а разам з ім канцэлебраваў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Гамілію прамовіў ксёндз Аляксандр Ашмянчук CSMA, які ў гэты час праводзіў велікапосныя рэкалекцыі для парафіяльнай супольнасці.

Праграма чування была вельмі насычанай. Прайшло дзве канферэнцыі, першую з якіх правёў біскуп Юрый Касабуцкі.
Таксама іерарх паглыбіўся ў гісторыю прыпавесці пра блуднага сына, для якога айцец заразае адкормленае цяля, апранае яго ў каштоўнае адзенне, даруе пярсцёнак і ладзіць багатую вячэру ў знак таго, што рады вяртанню сына, гэта значыць, міласэрна яму прабачае. Біскуп адзначыў, што Бог, як і айцец з прыпавесці, чакае, калі мы прыйдзем да Яго.

Другую канферэнцыю правёў Валерый Шымак — бацька шасцярых дзяцей, які разам з моладдзю разважаў на тэму бацькоўства і ўзаемаадносін паміж бацькамі і дзецьмі. Юныя хлопцы і дзяўчаты пачулі слушныя думкі пра тое, наколькі важна чэрпаць жыццёвую мудрасць ад старэйшых.
Далей моладзь чакаў Крыжовы шлях і тэатральная пастаноўка, дзе моманты жыцця Езуса Хрыста былі пераплецены з сітуацыямі, якія могуць адбыцца ў сучасным свеце, паказаны наступствы, здавалася б, бяскрыўдных учынкаў, якія моцна аддаляюць нас ад Бога.
Заключнай часткай праграмы стала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Начное чуванне традыцыйна завершылася благаслаўленнем душпастыра моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксяндза Андрэя Бурака.
Бог вядзе нас рознымі шляхамі, але ў адзін бок — у Яго Валадарства, да вечнага шчасця, таму пакрочым да Айца.




























