ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: «Усё па тваім прыкладзе, о святы ойча Юзэфе!»
- 12 мая, 2025
- Тэкст і фота: Ганна Бычынская // Catholicminsk.by
Дзень успаміну святога Юзафа, рамесніка, стаў у стаўбцоўскім касцёле святога Казіміра днём нараджэння Ружанцовага кола ў гонар святога Юзафа.
У нядзелю 4 мая падчас святой Імшы дваццаць мужчын паабяцалі маліцца таямніцу Ружанца кожны дзень. Свае жыццёвыя сітуацыі ці нейкія непаразуменні яны цяпер могуць аддаць у рукі святога Юзафа, які сам неаднаразова аказваўся ў цяжкім становішчы, перажываў нямала дзён трывогі і няўпэўненасці.
Разам са святым Юзафам нашы мужчыны будуць ісці па жыцці, услухоўваючыся ў Божае абяцанне, поўнае надзеі, што прагучала з вуснаў анёла: «Не бойся!»

У парафіі ўжо два мужчынскія Ружанцовыя колы. Ружа слугі Божага айца Фабіяна Малішоўскага створана больш за год назад. Кожны месяц 12 чысла ў касцёле адбываецца набажэнства ў гонар слугі Божага, і «мужчыны айца Фабіяна», як мы іх называем, разам з парафіянамі моляцца Ружанец і спецыяльныя малітвы, спадзеючыся на беатыфікацыю святара, які заснаваў парафію ў Стоўбцах больш за 400 гадоў таму.
«Усё для Езуса, усё праз Марыю, усё па тваім прыкладзе, о святы ойча Юзэфе!»

Няхай гэтыя словы на працягу ўсяго жыцця будуць дэвізам мужчын абодвух Ружанцовых колаў, створаных у нашай парафіі.






