Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: У Нясвіжы вернікі падзякавалі Богу за плёны зямлі і служэнне законных сясцёр

15 жніўня
  • 20 жніўня, 2024
  • Тэкст: Ганна Сярпінская, фота з архіву парафіі ў Нясвіжы // Catholicminsk.by

Дзень 15 жніўня, калі Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, вядомы таксама як свята Маці Божай Зельнай. У касцёлах традыцыйна асвячаюцца зёлкі, кветкі і плёны зямлі.

Да гэтага дня ў нясвіжскай парафіі вернікі рыхтаваліся асаблівым чынам. Сёстры Яніна і Галіна, якія заўсёды напоўнены творчымі задумамі, натхняюць імі тых, хто знаходзіцца побач. І парафіяне рознага ўзросту на чале з валанцёрамі парафіяльнага Caritas падрыхтавалі прыгожыя кошыкі і дэкаратыўныя вазочкі, напаўняючы іх агароднінай, садавінай, зёлкамі і кветкамі.

Падчас Святой Імшы парафіяне разам з вялікім караваем у працэсіі з дарамі прынеслі да алтара плёны новага ўраджаю. А жыхары вёскі Малева стварылі цудоўную кампазіцыю ў форме сэрца з жытневых каласоў, агародніны і кветак. Сумеснае дзеянне было карысным для ўсіх.

У гэты ж дзень прымалі віншаванні ад святароў і вернікаў з нагоды чарговай гадавіны складання  вечных шлюбаў сёстры Галіна і Яніна.

Супольная малітва, благаслаўленне кветак, зёлак і дароў новага ўраджаю, падзяка Богу і Найсвяцейшай Панне Марыі за сабраны ўраджай стварылі магчымасць кожнаму ў чарговы раз адчуць вялікую любоў Хрыста, а таксама ласкавасць і шчырасць рук нашай Нябеснай Заступніцы.