ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: У Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай студэнты Мінскага тэалагічнага каледжа распачалі новы 2025/2026 навучальны год
- 8 верасня, 2025
- Тэкст і фота: Марта Венславовіч // Catholicminsk.by
Ёсць у Беларусі месцы, дзе Божая прысутнасць адчуваецца асаблівым чынам. Адно з іх — Будслаў. У невялічкую мясцовасць сцякаюцца пілігрымы з розных куткоў, каб падзяліцца з Нябеснай Матуляй клопатамі і турботамі, папрасіць дапамогі, падзякаваць за жыццёвы досвед.
Папрасіць благаслаўлення на новы навучальны год, а таксама падзякаваць за 15 год актыўнай дзейнасці сваёй навучальнай ўстановы вырашылі таксама студэнты Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля. Шостага верасня разам з дырэктарам і выкладчыкамі яны разам з выпускнікамі прыехалі ў санктуарый на ўрачыстую святую Імшу, якую ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту папярэднічала святой Імшы. Глыбокія тэксты разважанняў дапамаглі задумацца над уласным жыццём, асэнсаваць многія рэчы, а песні праслаўлення нагадвалі пра Божую веліч, дабрыню і міласэрнасць. Падчас ружанцовай малітвы прысутныя ахвяравалі Маці Божай Будслаўскай свае планы, намеры і надзеі, прасілі аб дапамозе і апецы. Паклапаціліся студэнты і выпускнікі таксама пра чысціню сумлення, прыступіўшы да сакрамэнту пакаяння.
Святая Імша стала галоўным момантам святочнага дня. Студэнты старанна падрыхтавалі Літургію слова і Працэсію з дарамі. А спевы гурта Verbum Dei ўзбуджалі ў сэрцы шчырыя інтэнцыі.
Падчас гаміліі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі закрануў тэму адоранасці і талентаў, заклікаўшы навучэнцаў правільна выкарыстоўваць дары, якія яны атрымалі ад Усемагутнага Бога. Звярнуўся арцыбіскуп і да асобы Маці Божай, якая дапамагае сваім дзецям ва ўсіх справах і праблемах, а таксама нагадаў, што і сёння мы ўдзельнічаем у у першай лекцыі ў новым навучальным годзе ў «школе Марыі». Іерарх скончыў гамілію алегорыяй, якая прымусіла задумацца многіх:

У другой частцы інаўгурацыі дырэктар каледжа ксёндз канонік доктар Ян Крэміс прадставіў прысутным двух новых выкладчыкаў — айца Паўла Федаровіча MIC і ксяндза Юзафа Сярпейку, нядаўна прызначаных на гэтую пасаду Мітрапалітам. Айцец Павел Федаровіч МІС выступіў з інаўгурацыйным дакладам на тэму апостальскай адгартацыі Verbum Domini Папы Бэнэдыкта XVI. Пасля гэтага новыя выкладчыкі атрымалі дэкрэты і склалі прадпісанае кананічным правам вызнанне веры. Важнае месца падчас мерпрыемства было адведзена першакурснікам. Зусім нядаўна яны здалі экзамены і далучыліся да студэнцкай кагорты. Мітрапаліт ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў новым навучэнцам заліковыя кніжкі і падарункі.

Вераніка Пучко паходзіць з парафіі Маці Божай Ларэтанскай, што ў мінскім мікрараёне Сокал. Першакурсніцы 37 гадоў, і яна працуе настаўніцай англійскай мовы ў адной са сталічных школ. «Маё жаданне паступіць у тэалагічны каледж нарадзілася з глыбокага імкнення пазнаць Бога і Касцёл. Хочацца здабываць веды, паглыбляць іх і фарміраваць сэрца, адкрытае на Божую волю і патрэбы іншых», — прызнаецца яна.
Юрый Лукашэвіч нядаўна далучыўся да Каталіцкага Касцёла. Аднак амаль адразу ў яго з’явілася жаданне паглыбляць і сістэматызаваць веды пра Бога і Касцёл. Навучэнец спадзяецца, што праграма тэалагічнага каледжа дапаможа дасягнуць вызначаных мэт.
Вольга Волчэк доўгі час належала да пратэстанцкай супольнасці. Аднак, наведаўшы аднойчы святую Імшу ў касцёле, адчула, што менавіта тут яе месца. «Пачуўшы запрашэнне Мітрапаліта Юзафа Станеўскага падчас Будслаўскага фэста, я вырашыла паспрабаваць, бо ў гэтым убачыла сваё пакліканне», — зазначае першакурсніца.
«Не бойцеся!» – гэты заклік неаднойчы можна сустрэць у Святым Пісанні. Хрыстус заклікае адмовіцца ад хваляванняў і сумненняў. Навучэнцы Мінскага тэалагічнага каледжа станоўча адказалі на гэты заклік, даказаўшы, што ўзрост, пол, сацыяльны статус і іншыя акалічнасці не з’яўляюцца перашкодай для паглыблення духоўнага жыцця і больш грунтоўнага знаёмства з хрысціянскімі праўдамі і каштоўнасцямі.





















