Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: У Клецку адзначылі парафіяльную ўрачыстасць у гонар Святой Тройцы

15 чэрвеня
  • 24 чэрвеня, 2025
  • Фота: Людміла Крушная // Catholicminsk.by

15 чэрвеня ў касцёле Святой Тройцы, што ў Клецку, цэлебравалася святая Імша з нагоды парафіяльнай урачыстасці Святой Тройцы.

Парафія ў Клецку існуе з 1450 года. Пасля афіцыйнага аднаўлення дзейнасці Касцёла ў Беларусі парафія была адроджана ў 1993 годзе. 4 снежня 1996 года пачаліся набажэнствы ў часовай капліцы.

У 2003 годзе ў горадзе Клецку была перададзена ў вечнае карыстанне зямельная дзяльніца пад будаванне каталіцкага касцёла, які ў архітэктурным плане нагадвае былы касцёл Найсвяцейшай Тройцы. 20 чэрвеня 2006 года вуглавы камень святыні быў пасвечаны і ўмураваны тагачасным апостальскім адміністратарам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Антоніем Дзям’янкам. 30 чэрвеня 2012 года тагачастны мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Тадэвуш Кандрусевіч кансэкраваў касцёл.

Акрамя святкавання парафіяльнай урачыстасці, для мясцовых парафіянаў адбылася яшчэ адна значная падзея. Па-над уваходам у касцёл было загадзя ўсталявана пано, прысвечанае Святой Тройцы. Гэтае пано быў запрошаны асвяціць падчас урачыстасці ксёндз канонік Пётр Шарко, пробашч парафіі Божага Цела ў Нясвіжы.

Пасля асвячэння святар узначаліў ўрачыстую святую Імшу. Разам з ім цэлебраваў Эўхарыстыю пробашч парафіі Святой Тройцы ў Клецку ксёндз Дзмітрый Іваноў.

Святая Імша закончылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла. Затым усіх чакаў смачны пачастунак, арганізаваны руплівымі і ахвярнымі мясцовымі парафіянамі. Упрыгожыў святкаванне сваімі спевамі мясцовы дзіцячы хор. Кожны ўдзельнік свята атрымаў у падарунак траецкі пернік.

Пробашч парафіі ксёндз Дзмітрый Іваноў спадзяецца, што такое святкаванне перарасце ў штогадовы фестываль.