ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: У добры шлях, выпускнікі-2025!
- 24 чэрвеня, 2025
- Тэкст: Галіна Камароўская / Фота: Галіна Камароўская, Марта Багдановіч

21 чэрвеня адбыўся чарговы выпуск Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля: 19 чалавек атрымалі дыпломы аб заканчэнні гэтай навучальнай установы. Варта адзначыць, што выпуск адбыўся ў юбілейны год.
Сярод выпускнікоў — настаўнікі, бібліятэкары, выхавацелі, медыцынскія работнікі, аўдытары, бухгалтары, электрамеханікі, студэнты ВНУ… Людзі рознага ўзросту, з розных сфер дзейнасці, але, як тыя кветкі на лузе, з’яднаныя адзінствам веры, стварылі гарманічную супольнасць, сталі за тры гады навучання адной вялікай сям’ёй.
Кожны з іх два разы на месяц, а бывала і часцей, адрываўся ад штодзённых спраў, дэлегаваў сямейныя абавязкі сваякам, каб прысутнічаць на занятках у каледжы, атрымліваць веды па такіх дысцыплінах, як уводзіны ў Святое Пісанне, дагматычная тэалогія, патралогія і не толькі.
Адрывацца ад штодзённых спраў было не заўсёды проста, бо ў звычайным жыцці многія навучэнкі — шматдзетныя матулі. Ды і пытанні лагістыкі трэба было прадумаць — сцяжынкі да каледжа цягнуліся не толькі з мікрараёнаў сталіцы, але і з Івянца, Магілёва, Докшыц.
Чарговы выпуск каледжа — гэта выдатная падтрымка для парафіяльных супольнасцей: іх шэрагі папоўнілі дыпламаваныя катэхеты, куратары пілігрымак, сурдаперакладчыкі, кантары, супрацоўнікі каталіцкіх сродкаў масавай камунікацыі, вернікі, якія паглыбілі тэалагічныя веды.

У касцёле парафіі Святога Духа адбылася святая Імша, у якой у апошні раз у якасці навучэнцаў прынялі ўдзел выпускнікі. Яе ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. У ёй прынялі ўдзел выкладчыкі і супрацоўнікі каледжа, навучэнцы, былыя выпускнікі, парафіяне.
Аздобіла Імшу працэсія з дарамі. Стала добрай традыцыяй пры заканчэнні навучання рабіць падарункі каледжу — на гэты раз бібліятэка навучальнай установы папоўнілася пяцітомным выданнем «Касцёлы Беларусі» аўтарства Станіслава Янчарскага, пакладзены пачатак карціннай галерэі — палатно з выявай касцёла Святога Духа намалявала дачка адной з выпускніц.

А потым адбылося ўручэнне дыпломаў. Дарэчы, некалькі з іх было з залатым цісненнем — гэта азначала, што іх уладальнікі паказалі бліскучыя веды па ўсіх прадметах.
Напачатку дырэктар каледжа ксёндз канонік доктар Ян Крэміс звярнуўся да выпускнікоў з цёплай прамовай, падзякаваў за стараннасць у вучобе, ахвярнае служэнне Касцёлу.
Дакумент аб заканчэнні каледжа ўручалі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і намеснік дырэктара каледжа ксёндз канонік Аляксей Раманчук. Уручыўшы апошні дакумент, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі павіншаваў віноўнікаў урачыстасці з заканчэннем каледжа.
Са словамі падзякі да выкладчыкаў і кіраўніцтва каледжа звярнуліся сёлетнія выпускнікі, а таксама ўручылі падарункі на памяць.
А потым першакурснікі каледжа зачыталі выпускнікам вершаванае прысвячэнне.
Цырымонія ўручэння дыпломаў завяршылася агульным здымкам на памяць.
Заключным акордам падзеі стаў салодкі стол. Гасцей пачаставалі смачным тортам.
І нагадваем, што пачаўся прыём заяў на новы, 2025-2026 навучальны год. Навучанне ў каледжы — гэта цудоўная магчымасць сустрэць сяброў па духу, паглыбіць свае веды, узбагаціцца духоўна. Шчыра запрашаем!