ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Сведкі веры: святары (працяг). Частка трэцяя
- 13 лістапада, 2025
- Catholicminsk.by
З нагоды свята Пасвячэння Базылікі Святога Яна на Латэране, якое адзначалася 9 лістапада, адказваючы на заклік спачылага Папы Францішка ўшанаваць мясцовых сведкаў веры — святых, благаслаўлёных, а таксама тых, чыя слава святасці ўжо пацверджана гераічнасцю цнотаў — Слуг Божых, разам з ксяндзом доктарам Яўгенам Вінтовым прапануем успомніць Слуг Божых, звязаных з тэрыторыяй сучаснай Беларусі.
Святары (працяг):

7. Слуга Божы Мэльхіёр Фардон OFMConv (1862–1927) — святар родам з Гродна, францішканін. Вядомы сваёй святасцю жыцця, служэннем на беларускай землі і супрацоўніцтвам са святым Максіміліянам Марыя Кольбэ. Служыў у Струбніцы каля Ваўкавыска, Дабраве (Дамброве Беластоцкай, сёння Польшча) і Гродне. Быў адным з найбліжэйшых духоўных дарадцаў святога Максіміліяна Кольбэ, падтрымліваў яго місію і выданне «Рыцара Беззаганнай», якое той перанёс у 1922 годзе ў Гродна. Браты называлі Фардона «святой душой». Памёр у Гродне ў 1927 годзе. У 2018 годзе Апостальская Сталіца прызнала гераічнасць яго цнотаў. Яго парэшткі сёння спачываюць у капліцы ў гродзенскім касцёле Маці Божай Анёльскай.

8. Слуга Божы Ян Тройга (1881–1932) — каталіцкі святар, мучанік за веру. Нарадзіўся 12 снежня 1881 года ў вёсцы Прагалін (Гродзенская губерня) у сялянскай сям’і. Скончыў духоўную семінарыю і духоўную акадэмію ў Пецярбургу, атрымаў ступень магістра тэалогіі. Святарскае пасвячэнне прыняў у 1906 годзе. Служыў у Магілёве, выкладаў у Пецярбургскай духоўнай семінарыі, а з 1914 года працаваў у курыі Магілёўскай мітраполіі. У Ленінградзе быў настаяцелем касцёла святога Станіслава, дзе збіралася вялікая колькасць вернікаў, у тым ліку з Беларусі. У 1923 годзе быў арыштаваны ўпершыню і асуджаны на 3 гады турмы. Пасля вызвалення зноў арыштаваны ў 1927 годзе і асуджаны на 5 гадоў лагераў. У 1932 годзе перавезены ў Ленінградскую турму, дзе памёр 11 жніўня 1932 года. Пахаваны пад чужым імем на Ператварэнскіх могілках у Ленінградзе, месца пахавання не захавалася. Беатыфікацыйны працэс распачаўся 31 мая 2003 года, тытул справы — «Каталіцкія Навамучанікі Расіі».

9. Слуга Божы Павел Хоміч (1893–1942) — рыма-каталіцкі святар з Ваўкавыска. Нарадзіўся ў змешанай па веравызнанні сям’і, у 1905 годзе разам з бацькамі перайшоў у каталіцкую веру. Вучыўся ў Магілёўскай семінарыі і Духоўнай акадэміі ў Пецярбургу. Святаром стаў у 1916 годзе. Служыў на беларускіх землях і сярод беларускіх католікаў у Расіі: спачатку ў Вырыцы, затым на Пскоўшчыне. У Ленінградзе быў пробашчам парафій Святой Кацярыны і Святога Казіміра, а таксама кіраваў супольнасцямі Трэцяга ордэна святога Францішка. За сваю актыўную душпастырскую працу і падтрымку вернікаў быў арыштаваны ў 1926 годзе і асуджаны на 10 гадоў лагераў. Трапіў на Салаўкі, дзе падтрымліваў рэлігійнае жыццё вязняў. У 1939 годзе вярнуўся ў Ленінград і тайна працягваў служэнне. Падчас блакады Ленінграда ў 1941–1942 гадах выконваў абавязкі Апостальскага адміністратара Ленінграда і быў адзіным каталіцкім святаром у горадзе. Арыштаваны і расстраляны 10 сакавіка 1942 года. Беатыфікацыйны працэс распачаўся 31 мая 2003 года, тытул справы — «Каталіцкія Навамучанікі Расіі».

10. Слуга Божы Яўген Кулеша MIC (1891–1941) — святар, марыянін, мучанік. Нарадзіўся ў Варшаве. У 1915 годзе ўступіў у кангрэгацыю марыянаў. Святарскае пасвячэнне прыняў 2 кастрычніка 1921 года у Расна (Беларусь) з рук благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча. Быў доктарам тэалогіі. У 1938 годзе стаў настаяцелем марыянаў у Друі. Падчас савецкай акупацыі падтрымліваў святароў і сясцёр, арганізоўваў дапамогу высланым у Сібір і Казахстан. 30 чэрвеня 1941 года арыштаваны і забіты. Пахаваны ў Друі. У 2003 годзе распачаты яго беатыфікацыйны працэс. Ватыканская Кангрэгацыя па справах кананізацыі лістом ад 9 лютага 2021 года адкрыла працэс Слугі Божага Фабіяна Абрантовіча і чатырох яго таварышаў, сярод якіх і айцец Яўген Кулеша MIC.

11. Слуга Божы Андрыян Асмалоўскі OFM (13 снежня 1838, Антонаўка, Беларусь – 9 красавіка 1924, Лоніга, Італія) — каталіцкі святар, бэрнардын, місіянер і спаведнік. Паходзіў са збяднелай беларускай шляхты, з юных гадоў прагнуў манаскага жыцця і ў 1861 годзе ўступіў у ордэн бэрнардынаў у Мінску, дзе пры прыняцці габіту прыняў імя Андрыян. Пасля рэпрэсій у адносінах да манаства быў вымушаны пакінуць радзіму і, каб захаваць пакліканне, выехаў у Святую Зямлю. 28 сакавіка 1868 года атрымаў святарскае пасвячэнне ў Базыліцы Гроба Пана ў Ерузалеме, дзе адслужыў сваю прыміцыйную Імшу. Служыў у Сірыі, апякуючыся мігрантамі, беднымі і воінамі, а з 1876 года працягнуў служэнне ў Італіі — Венецыі, Джэмоне, Мілане, Манзеліцэ і Лоніга, дзе быў спаведнікам, магістрам навіцыята, гвардыянам кляштара і духоўным кіраўніком моладзі. Адзначаўся глыбокай малітвай, пакорай, любоўю да Эўхарыстыі, шчырым марыйным набажэнствам і дапамогаю бедным. Памёр 9 красавіка 1924 года, а яго магіла стала месцам малітвы. У 1970–1974 гадах адбыўся дыяцэзіяльны этап яго беатыфікацыйнага працэсу, а 1 ліпеня 2000 года Папа Ян Павел II прызнаў гераічнасць яго цнотаў. У Італіі ў яго гонар усталяваны помнікі і названыя ўстановы, што сведчыць пра павагу да яго святасці і духоўнай спадчыны.