ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Сведкі веры: біскупы. Частка пятая
- 15 лістапада, 2025
- Catholicminsk.by
З нагоды свята Пасвячэння Базылікі Святога Яна на Латэране, якое адзначалася 9 лістапада, адказваючы на заклік спачылага Папы Францішка ўшанаваць мясцовых сведкаў веры — святых, благаслаўлёных, а таксама тых, чыя слава святасці ўжо пацверджана гераічнасцю цнотаў — Слуг Божых, разам з ксяндзом доктарам Яўгенам Вінтовым завяршаем успамін Слуг Божых, звязаных з тэрыторыяй сучаснай Беларусі.
Біскупы:

1. Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі (1870-1932) — біскуп Мінскі (1918-1925) і Пінскі (1925-1932). Нарадзіўся у Бараціне каля Навагрудка у каталіцкай шляхецкай сям’і Лазінскіх. Атмасфера веры і прыклад святара дзядзькі ў Пецярбургу дапамаглі яму распазнаць пакліканне. Вучыўся ў семінарыі і Духоўнай акадэміі ў Пецярбургу. За адмову дзейнічаць супраць Касцёла быў сасланы ў Аглону, пазней вёў душпастырскую дзейнасць у розных гарадах Расіі. У 1918 годзе стаў біскупам Мінскім. У 1925 годзе Папа Пій XI прызначыў яго першым біскупам Пінскім. Адзначаўся духоўнай глыбінёй, любоўю да Бацькаўшчыны і адданасцю Касцёлу. Памёр у Пінску 26 сакавіка 1932 года. У 1993 годзе святы Папа Ян Павел II зацвердзіў дэкрэт аб гераічнасці яго цнотаў.

2. Слуга Божы Баляслаў Слосканс (1893–1981) — біскуп, вязень ГУЛАГу. Кароткі час служыў у Віцебску ў касцёле святой Барбары. Лічыцца адным з найбольш значных каталіцкіх пастыраў ХХ стагоддзя. У 1911 годзе паступіў у Пецярбургскую духоўную акадэмію і 21 студзеня 1917 года атрымаў святарскае пасвячэнне. У 1926 годзе ў Маскве таемна быў пасвечаны ў біскупы і прызначаны Апостальскім адміністратарам Магілёўскай архідыяцэзіі і Мінскай дыяцэзіі. У 1927 годзе арыштаваны ў Мінску і асуджаны на 3 гады. Пасля вызвалення зноў арыштаваны і ў 1933 годзе высланы з СССР у абмен на савецкага шпіёна. У выгнанні працягваў апекавацца Каталіцкім Касцёлам на Беларусі з-за мяжы. Быў рэктарам семінарыі ў Рызе, а з 1947 года жыў у Бельгіі, дзе падтрымліваў беларускую эміграцыю, дапамог у развіцці беларускай каталіцкай прэсы і абараняў права беларусаў на родную мову ў літургіі. Святы Пасад прызначыў яго Апостальскім візітарам для беларускіх і расійскіх католікаў у дыяспары. Удзельнічаў ва ўсіх сесіях Другога Ватыканскага сабору. Памёр у 1981 годзе. У 1993 годзе яго цела перапахавалі ў Аглоне (Латвія). У 2004 годзе Святы Пасад прызнаў гераічнасць яго цнотаў.

3. Слуга Божы Вінцэнты Ключынскі (1847-1917) — арцыбіскуп, нарадзіўся ў Шаркаўшчыне, доктар тэалогіі. У 1865 годзе ўступіў у Віленскую духоўную семінарыю, а пасля працягваў вучобу ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі, дзе атрымаў ступень магістра тэалогіі. У 1871 годзе стаў святаром і распачаў працу прафесарам у Віленскай семінарыі, дзе 28 гадоў выкладаў тэалогію. Асаблівую ўвагу надаваў каталіцкай адукацыі і сацыяльнай дапамозе. У Вільні заснаваў дабрачыннае таварыства, з якога вырасла Кангрэгацыя Сясцёр ад Анёлаў. У 1910 годзе Папа Пій X прызначыў яго арцыбіскупам Магілёўскім — кіраўніком Каталіцкага Касцёла на тэрыторыі ўсёй Расіі, у тым ліку беларускіх губерняў. Пад яго апекай знаходзіліся семінарыя і акадэмія ў Пецярбургу. З-за цяжкасцяў са здароўем у 1914 годзе падаў у адстаўку і апошнія гады правёў у Крыме, дзе і памёр. Пахаваны спачатку ў Пецярбургу, а пазней яго парэшткі былі перанесены ў Вільню. У 2012 годзе распчаўся яго беатыфікацыйны працэс.

4. Слуга Божы Ян Фелікс Цепляк (1857-1926) — біскуп. Атрымаў тэалагічную адукацыю ў Пецярбургу, дзе быў пасвечаны ў святары ў 1881 годзе і шмат гадоў выкладаў у Духоўнай акадэміі. У 1908 годзе стаў біскупам-суфраганам Магілёўскай архідыяцэзіі. Некаторы час быў апостальскім адміністратарам Мінскай дыяцэзіі, падтрымліваў станаўленне парафій і хрысціянскіх ініцыятыў. Пасля рэвалюцыі 1917 года абараняў правы Касцёла і вернікаў, за што быў двойчы арыштаваны бальшавікамі. У 1923 годзе на паказным працэсе ў Маскве быў асуджаны на смерць, але пасля міжнароднага пратэсту пакаранне змянілі на зняволенне. У 1924 годзе высланы з СССР. У 1925 годзе Папа Пій XI прызначыў яго арцыбіскупам Вільні, але ён памёр перад уступленнем на катэдру. Пахаваны ў віленскай катэдры. Ад 23 чэрвеня 1952 года ў Рыме вядзецца падрыхтоўчы працэс да беатыфікацыі Яна Фелікса Цепляка.

5. Слуга Божы Антоні Малецкі (1861–1935) — біскуп. Нарадзіўся у Пецярбургу. Святарскае пасвячэнне атрымаў 17 мая 1884 года і ўжо ў першыя гады служэння быў накіраваны ў Беларусь: спачатку як вікарый у парафіі святога Антонія ў Віцебску, а затым у Мінску у катэдральны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі. У Мінску адстойваў правы Касцёла і за непакору царскім уладам у 1886 годзе быў арыштаваны і сасланы ў кляштар на тэрыторыі Латвіі. Пасля вяртання шмат гадоў служыў у Пецярбургу, дзе заснаваў шырокую дабрачынную і адукацыйную дзейнасць для дзяцей і моладзі, адкрыў каталіцкія школы, майстэрні і прытулак, а таксама апекаваўся беларусамі і палякамі, якія жылі ў горадзе. У 1920–1930-я гады нястомна служыў католікам у Пецярбургу, Пскове, Маскве і на беларускіх тэрыторыях пад савецкай уладай, арганізоўваў тайную семінарыю і падтрымліваў духавенства. У Пецярбургу 13 жніўня 1926 года быў тайна пасвечаны ў біскупы і прызначаны апостальскім адміністратарам Ленінградскай акругі Магілёўскай архідыяцэзіі, якая гістарычна ахоплівала і Беларусь. За вернасць Касцёлу яго неаднаразова арыштавалі. Апошні раз гэта здарылася ў 1930 годзе, пасля чаго ён быў сасланы ў Сібір. У 1934 годзе вымушана пакінуў СССР і памёр 17 студзеня 1935 года ў Варшаве. Беатыфікацыйны працэс распачаўся 31 мая 2003 года, тытул справы — «Каталіцкія Навамучанікі Расіі».
Як Латэранская Базыліка нагадвае ўсім Касцёлам пра іх каранёвае адзінства з Рымам, так і новае штогадовае ўшанаванне 9 лістапада заклікае нас з’яднацца ва ўдзячнай памяці пра тых, хто узбагаціў нашу мясцовую супольнасць святасцю жыцця.
Няхай гэтая ініцыятыва Папы Францішка дапаможа нам узмацніць пачуццё прыналежнасці да адзінага Касцёла, і адначасова адкрые вочы на Божыя цуды, якія Ён здзяйсняе ў нашых мясцовых супольнасцях. Няхай прыклад мясцовых сведкаў веры вядзе нас бліжэй да Хрыста, каб і мы калісьці маглі стаць «жывымі камянямі» ў супольнасці святых.