Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Сустрэча валанцёраў Caritas у Будславе — святло надзеі і служэння

11-13 ліпеня
  • 15 ліпеня, 2025
  • Тэкст: Ірына Фаміна / Фота: валанцёры Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі // Catholicminsk.by

З 11 па 13 ліпеня ў Будславе прайшла трэцяя летняя сустрэча валанцёраў парафіяльных суполак Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Сустрэча адбылася ў юбілейным годзе ў юбілейнай святыні і сабрала ўдзельнікаў з розных куткоў Беларусі: Мінска, Маладзечна, Нясвіжа, Стоўбцаў, Капыля і, вядома ж, самога Будслава.

Арганізатарамі сустрэчы выступілі валанцёры Caritas будслаўскай парафіі разам з ксяндзом Дзмітрыем Дубовікам пры падтрымцы Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.   

Гэта ўжо трэцяя такая сустрэча: першая праходзіла ў Нясвіжы, другая — у Маладзечне, а сёлета валанцёраў гасцінна сустракаў Будслаў.

Малітва і супольнасць

Сустрэча распачалася святой Імшой у знакамітай Будслаўскай святыні Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі — Нацыянальным марыйным санктуарыі. Літургію ўзначаліў ксёндз Дзмітрый Дубовік.

Пасля знаёмства і сяброўскай размовы ўдзельнікі сустрэчы засяродзіліся на духоўным змесце юбілейнага года. Сястра Валерыя Пацукевіч MSF распавяла пра вытокі святкавання і значэнне пілігрымкі як акту веры і сведчання. Увага была звернута на ролю валанцёра як сучаснага пілігрыма — таго, хто з малітвай і любоўю нясе надзею іншым.

Культурнае багацце і незабыўныя ўражанні

Арганізатары падрыхтавалі насычаную праграму, поўную культурных і пазнавальных мерапрыемстваў. Валанцёры наведалі краязнаўчы музей у Будслаўскай сярэдняй школе імя Паўліны Мядзелкі, а таксама выставу ў Касцяневічах, прысвечаную ксяндзу Станіславу Жуку, шматгадоваму пробашчу гэтай парафіі.

Цікавая экскурсія па святыні адбылася дзякуючы ксяндзу Дзмітрыю Дубовіку, які падзяліўся гісторыяй святыні і яе значэннем для духоўнага жыцця беларускага народа.

Асобным момантам радасці стаў сюрпрыз ад Івана Пятроўскага — вандроўка па рацэ Сэрвач на самаробным водным трактары. Гэтая вандроўка пакінула ў сэрцах удзельнікаў незабыўныя эмоцыі.

Натхнёныя на новыя справы

Сустрэча ў Будславе стала сапраўдным святам духоўнасці, сяброўства і служэння. Удзельнікі вярталіся дадому з новымі ідэямі, унутраным запалам і надзеяй. Валанцёры з Будслава гасцінна падарылі кожнаму станоўчыя ўражанні і пацвердзілі народную мудрасць: дабро пачынаецца з маленькіх учынкаў сэрца.

Далучайся да Caritas

Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі запрашае ўсіх, хто хоча рабіць дабро і дапамагаць людзям, стаць валанцёрскім лідэрам у сваёй парафіі.

Каб распачаць шлях служэння, дастаткова зрабіць першы крок — запоўніць анкету па спасылцы ТУТ>>>.