Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Сапраўдны маленькі цуд — талака ў Чавусах!

2 жніўня
  • 8 жніўня, 2025
  • Тэкст: кс. Андрэй Кеўліч / Фота: з архіва парафіі ў Чавусах // Catholicminsk.by

2 жніўня на Магілёўшчыне адбылася незвычайная падзея — сумесная праца ў будынку касцёла ў Чавусах, дзякуючы выкананню якой чавуская святыня набыла больш сакральны выгляд і сапраўды папрыгажэла.

Піша ксёндз Андрэй Кеўліч, пробашч парафіі Чавусы, дэкан Магілёўскага дэканата.

З ідэяй талакі выступіла «Радыё Марыя Беларусь». Дзякуючы закліку ў сацыяльных сетках у пятніцу позна вечарам у Чавусы прыехала група аднадумцаў, каб разам папрацаваць на Божую славу і дзеля карысці для чалавека.

Канешне, нам, вернікам у Чавусах, хочацца, каб наша святыня была прыгожай, і мы ўжо некалькі гадоў паступова робім хоць і кволыя, але усё ж крокі наперад: у мінулым годзе трошкі аднавілі алтарную частку, паспрабавалі пачысціць, наколькі гэта магчыма, падлогу; у бягучым годзе дзякуючы падтрымцы людзей добрай волі ўдалося поўнасцю памяняць вокны ў касцёле, уцяпліць дах.

І тут «Радыё Марыя» запрапанавала арганізаваць талаку! Як ад такога можна было адмовіцца? Канешне, мы хацелі штосьці зрабіць са сценамі, але гэта была больш мара, калі казаць па праўдзе.

Прызнаюся, я як мясцовы душпастыр спрабаваў пераканаць ініцыятараў, што можа не час, што не атрымаецца, але яны стаялі на сваім. Урэшце дамовіліся на канкрэтную дату і мы распачалі падрыхтоўчыя працы: атынкавалі сцены, паспрабаваўшы зрабіць гэта не толькі максімальна якасна, але і каб выглядала цікава, наколькі гэта магчыма ў нашых ўмовах.

Суботняй раніцай, падсілкаваўшыся, мы распачалі працы па фарбаванні сцен нашай святыні, якія, здаецца, не фарбаваліся ад 2002 года, калі адбылася кансэкрацыя касцёла. Праца, якая была зроблена 2 жніўня — гэта для нас гэта сапраўдны цуд. Наша святыня становіцца больш прыгожай, набывае свае адметнасці.

Дзякуем Радыё Марыя за адвагу і неабыякавасць! Дзякуем кожнаму, хто далучыўся да працы, хто маліўся, каб усё атрымалася, хто дапамог набыць неабходныя матэрыялы.
Лічу, што талака ў Чавусах удалася! Няхай падобныя добрыя справы памнажаюцца на нашай зямлі, бо разам мы сапраўды можам зрабіць і больш, і лепш.

Так касцёл выглядаў раней (фота: Catholic.by):

Актуальныя фотаздымкі:

Відэа з актуальным выглядам касцёла:

Словы падзякі арцыбіскупа Станеўскага за ўдзел у ініцыятыве: «Дар сэрца для парафій у патрэбе»: