Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: “Пілігрымы надзеі” з Магілёўшчыны ў Будславе

1 сакавіка
  • 3 сакавіка, 2025
  • Тэкст: Ала Іртова, фота: Аляксей Ананіч // Catholicminsk.by

1 сакавіка адбылося пілігрымаванне Магілёўскага і Бабруйскага дэканатаў у Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе. Больш за 80-і вернікаў з розных парафій Магілёўшчыны прыбылі на Мядзельшчыну, каб разам памаліцца аб заступніцтве Маці Божай Будслаўскай. Да сумеснай малітвы далучыліся таксама вернікі з іншых мясцін нашай Бацькаўшчыны.

Можна сказаць, што паломніцтва Магілёўшчыны распачалося з самае раніцы, калі прыблізна каля 4:30 вернікі парафіі Святой Тройцы ў Касцюковічах разам з ксяндзом Андрэем Далянскім вырушылі ў дарогу ў бок Магілёва, каб а 7:00 далучыцца да супольнай пілігрымкі на аўтобусе, якая стартавала ад парафіі святога Антонія ў Магілёве. Прыблізна ў гэты ж час выехалі ў бок Будслава і вернікі з Бабруйска і Асіповічаў.

Праграма вандроўкі была вельмі насычанай: падчас сумеснай паездкі мы зусім не сумавалі, але радасна праслаўлялі Бога праз малітвы і спеў. Святары распавялі пра малітву Літургіі Гадзінаў, якая з’яўяецца магчымасцю далучацца да праслаўлення Касцёлам Збаўцы на працягу ўсяго дня, ад світанку да змяркання, і запрапанавалі памаліцца разам Ютранню, а падчас вяртання – Нешпарамі. Падчас дарогі мы таксама прасілі заступніцтва Багародзіцы праз малітву Гадзінак да Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Уласная праграма наведвання распачалася прывітаннем вернікаў і святароў кусташам санктуарыя ксяндзом Дзмітрыем Дубовікам.

Потым адбылося набажэнства перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі. Усе прысутныя памаліліся Фацімскім Ружанцам з разважаннямі з “Дзённіка” святой сястры Фаўстыны.

Святую Імшу цэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. У сваёй гаміліі ён адзначыў, што ўсе прысутныя, якія прыехалі ў Будслаў, прыбылі сюды як “пілігрымы надзеі”. Яны давяраюць Маці Божай сваё жыццё, свае радасці і праблемы. Толькі разам з Маці Божай мы можам адчуваць сябе ў бяспецы.

Біскуп Юрый успомніў выпадак са свайго дзяцінства, калі ён разам з маці пайшоў у лес і заблудзіўся. Яму было вельмі страшна аднаму ў лесе. І якая была радасць, калі мама яго знайшла! Страху ўжо не было, бо матуля была з ім. Так і мы пад апекай Маці Божай, укрытыя яе апекай, не павінны нічога баяцца, а толькі давяраць ёй.

Іерарх выразіў удзячнасць вернікам Магілёўскай часткі архідыяцэзіі за тое, што яны, маючы сваю юбілейную святыню ў Магілёве, знайшлі час прыехаць і ў Будслаўскую святыню.

Пасля невялікага перапынку з пачастункам адбылася канферэнцыя. Ксёндз канонік Андрэй Далянскі з Касцюковічаў выступіў з разважаннемна тэму абыякавасці ў духоўным і свецкім жыцці. Ён заклікаў вернікаў быць актыўнымі і энергічнымі ў сваіх супольнасцях, асабліва на Магілёўшчыне, і ўсё рабіць на славу Божую, а не дзеля асабістых амбіцый. У час канферэнцыі адбылася дыскусія, якая зацікавіла і кранула многіх прысутных.

Затым адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і набажэнства да Божай Міласэрнасці, спалучанае з разважаннямі з “Дзённіка“ святой Фаўстыны і Вяночкам да Божай Міласэрнасці.

Вернікі маглі ўзяць з сабой асвечаную ваду і рэлігійныя рэчы, набытыя на ўспамін аб пілігрымцы.

Ксёндз Дзмітрый Дубовік паблагаславіў усіх пілігрымаў на шчаслівае вяртанне дадому.

Нягледзячы на тое, што ў Будслаўскай святыні даволі холадна, усе вярталіся радасныя і шчаслівыя ад добра праведзенага часу з Маці Божай, сустрэчы са знаёмымі і магчымасці пазнаёміцца з новымі людзьмі.

Асаблівая ўдзячнасць айцу Віталію Чабатару CMF, які займаўся непасрэднай арганізацыяй пілігрымкі, і ўсім, хто дапамог яму ў гэтым.

Фігура Езуса Журботнага (І-я палова XVII ст.) пасля рэстаўрацыі