Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Новыя міністранты ў парафіі ў Багданаве — радасць для ўсёй супольнасці

23 лістапада
  • 25 лістапада, 2025
  • Тэкст: Ганна Гелагаева / Фота: сястра Алена Дварэцкая // Catholicminsk.by

23 лістапада, у нядзелю Хрыста Валадара Сусвету, у парафіі Святога Міхала Арханёла ў Багданаве (Валожынскі дэканат) адбылася значная падзея. У гэты дзень былі ўрачыста прынятыя ў міністранты 2 хлопчыкі. Для адносна невялікай парафіі, дзе зусім няшмат дзяцей і моладзі і пераважае вялікі адсотак людзей сталага ўзросту, гэта сапраўды радасная падзея. 

Да гэтага моманту кандыдаты ў міністранты адказна рыхтаваліся на працягу года, апраналі адмысловыя стужачкі, удзельнічалі ў службе алтара. І падчас нядзельнай  урачыстай святой Імшы напрыканцы літургічнага года, калі ў парафіях падводзяць вынікі за пэўны перыяд часу, падсумоўваючы літургічны год, яны былі прынятыя ў міністранты.

Хлопчыкі выйшлі на святую Імшу з комжамі ў руках. Пасля пытанняў, зададзеных ім галоўным цэлебрантам, якім быў пробашч парафіі ксёндз канонік Андрэй Яркавец, і прамоўленай імі прысягі міністранта, яны змаглі апрануць міністранцкую вопратку – комжы. Старэйшыя міністранты дапамаглі ім у гэтым. 

Радасць гэтага моманту падзяляла ўся парафія, выказваючы надзею, што хлопчыкі, якія сталі міністрантамі, будуць расці і ўзмацняцца ў ласцы служэння ля алтара Пана.