Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Лямпа, якая не гасне

13 ліпеня
  • 14 ліпеня, 2025
  • Тэкст і фота: вернікі парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Мінску // Catholicminsk.by

У сваёй кнізе ліванскі айцец Поль Дахэр так назваў аднаго з самых шанаваных на Блізкім Усходзе святога святога Шарбэля — «чалавек, ап’янёны Богам». У постаці гэтага святога Бог паказаў свету прыклад малітвы і аскезы.

Яшчэ пры жыцці многія заўважалі, як дзенічае ў жыцці Шарбэля «звышнатуральная Боская сіла». Быў дзіўны выпадак, звязаны з самотніцкім пакліканнем гэтага законніка. Шарбэль хацеў жыць жыццем самотніка. Настаяцель вагаўся, аднак неўзабаве атрымаў звышнатуральны знак. Аднойчы, каб пасмяяцца, нейкі законнік замест масла наліў у лямпу Шарбэля звычайнай вады. Якое ж было яго здіўленне, калі ноччу ён ўбачыў у яго келлі святло. У лямпе сапраўды была вада. Жартаўнік перапалохаўся і сам прызнаўся ў сваім учынку. Настаяцель прыйшоў і паспрабаваў яе на смак. У келлі Шарбэля гэтая вада гарэла, як алей, але ў келлі настаяцеля адразу ж гасла. Пасля гэтага выпадку Шарбэлю дазволілі зачыніцца ў скіце.

Святы Шарбэль дзейнічае таксама і ў нашыя часы. Уражваюць найперш знакі і цуды аздараўлення, якія праз заступніцтва святога адбываюцца ў сучасным свеце і зафіксаваны дакументальна. Хроніка невытлумачальных аздараўленняў захоўвае сведчанні аб бязмернай любові і міласэрнасці Бога не толькі да хрысціян, але да іншых людзей, у прыватнасці, мусульман.

Літургічны ўспамін святога Шарбэля прыпадае на 24 ліпеня. І ўжо амаль год у парафіі Узвышэння Святога Крыжа, якая збіраецца на малітву ў касцёле на мінскай Кальварыі, 24-а чысла кожнага месяца адбываецца набажэнства праз заступніцтва гэтага святога. За дзевяць дзён да малітвы ў парафіяльнай святыні выносіцца абраз святога Шарбэля. З гэтага дня аж да самога дня ўспаміну вернікі парафіі моляцца навэннай да святога, давяраючы яго заступніцтву свае інтэнцыі. Каля абараза заўсёды знаходзіцца скарбонка, у якую можна пакласці картачку з малітоўнай інтэнцыяй на святую Імшу. У кожны такі дзень вернікі маюць магчымасць не толькі памаліцца разам, але і пачуць сведчанні сучасных людзей пра тое, як дзейнічае Бог праз заступніцтва святога Шарбэля ў нашыя дні, а таксама паслухаць урыўкі з твора айца Поля Дахэра «Шарбэль. Чалавек, ап’янёны Богам».

У нядзелю 13 ліпеня парафіяне і госці мінскай Кальварыі сталі сведкамі яскравай падзеі. Дзякуючы намаганням ксяндза пробашча Андрэя Сіповіча і сям’і Хабр у святыню з Лівана прывезлі рэліквіі святога Шарбэля часцінку крыві святога з пацвярждальнымі дакументамі. Звычайна рэліквіярый гэта толькі ўпрыгожанне, але рэліквіярый святога Шарбэля мае напамін пра яго цуды. Гэта вобраз той самай лямпы, якая не гасла ў келлі.

Пасля святой Імшы адбылося благаслаўленне прысутных рэліквіямі святога Шарбэля. Прагучалі словы падзякі ўсім, асабліва сям’і Хабр.

«Зараз мы будзем казаць, што наша малітва адбываецца не толькі праз заступніцтва святога Шарбэля, але і ў яго фізічным прысутніцтве»,

падвёў вынік гэтай падзеі пробашч парафіі ксёндз Андрэй Сіповіч.