ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Хоўхлава – Евангелле на далоні
- 19 верасня, 2024
- Тэкст: Таццяна Шумель, Алена Каралькова, фота: Эрык Савянок
“Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзвяду яе”, – такія словы з Евангелля прыходзяць на памяць, калі ўспамінаеш пра аднаўленчыя працы ў хоўхлаўскім касцёле, які не быў разбураны, зруйнаваны, але патрабаваў рамонту. Вернікі хоўхлаўскай і маладзечанскай парафій, супрацоўнікі “Радыё Марыя Беларусь”, браты капуцыны і неабыякавыя вернікі з трох дыяцэзій (Мінска-Магілёўскай, Віцебскай і Пінскай) за тры дні ( з 8 па 10 жніўня 2024 года) зрабілі немагчымае магчымым!
Тры дні, поўныя самаадданай працы, ператварылі касцёл у “Санктуарый Надзеі” (тут “санктуарый” азначае “святое месца” – Catholicminsk.by), вярнуўшы яму належнае аблічча. І кожны, хто пераступіў яго парог 15 верасня, прыехаўшы на адпустовую ўрачыстасць, адчуў веліч і духоўнае багацце гэтага ўнікальнага месца. Людзей сабралася шмат, але і нагод для святкавання было не менш.
Адна з важных падзей – прысвячэнне храма Найсвяцейшаму Імені Марыі. Як гэта ні парадаксальна гучыць, але да нядаўняга часу ў хоўхлаўскага касцёла не было імені. Дакладней, яно было, але не адно, а шмат. Як толькі не называлі і не называюць гэты касцёл? І касцёлам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, і касцёлам Найсвяцейшага Імя Марыі, і проста касцёлам Найсвяцейшай Дзевы Марыі. А якое ж яно – сапраўднае імя?
Дэкрэтам ад 15 верасня 2024 года дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Генеральнага вікарыя Юрыя Касабуцкага, які ўзначаліў урачыстую святую Імшу, касцёлу нададзена адзінае і гістарычна дакладнае імя – касцёл Найсвяцейшага Імя Марыі.
На пачатку святой Імшы брат Андрэй Жылевіч OFMCap прывітаў гасцей: біскупа Юрыя, прадстаўнікоў Грэка-каталіцкай Царквы ў асобе святара Аляксея Філіпенкі, каманду “Радыё Марыя Беларусь” на чале з Яўгеніяй Найдовіч, братоў капуцынаў і законных сясцёр, а таксама ўсіх прысутным. Ён падкрэсліў, што ініцыатыва аднаўлення касцёла сталася рэальнай дзякуючы супрацоўніцтву неабыякавых людзей: калектыва “Радыё Марыя” і мясцовых парафіян, многіх прысутных і ахвярадаўцаў.
“Неверагодныя рэчы сталі магчымымі дзякуючы добрай волі людзей. Цуды здяйсняюцца тут, сярод нас!” – менавіта так гучалі словы гісторыка Таццяны Шумель падчас дакладу на тэму “Новыя старонкі з гісторыі парафіі ў Хоўхлаве”.
“І такія простыя рэчы, як аднаўленне гэтай святыні на працягу трох дзён, гасціннасць мясцовых парафіян і супольная праца, сталі прычынай падзякі Богу за тое, што мы разам, што мы хрысціяне, што мы маем адну Маці, імя якой праслаўляем сёння”, – дадаў брат Андрэй.
Але, як вядома, “вера без учынкаў мёртвая” (Як 2,17). Менавіта гэтыя словы святога апостала Якуба гучалі ў літургіі сённяшняй нядзелі.
Біскуп Юрый нагадаў падчас гаміліі словы Папы Рымскага Францішка з аднаго з яго казанняў, што сучаснаму чалавеку патрэбна “Евангелле на далоні”. Сучасны свет патрабуе прапаведвання і апольстальства, нягледзячы на тое, што інфармацыі пра Езуса ёсць шмат. Але адной інфармыціі мала. Іерарх падкрэсліў, што “галоўнае, што патрэбна, каб чалавек мог прыняць Езуса Хрыста – гэта тое, што ён павінен захацець сам гэта зрабіць”.
“Таму Евангелле на далоні, якое нясе кожны хрысціянін, скаладаецца з нашых учынкаў. Так, у кожную эпоху былі людзі, свае апосталы, якія, зберагаючы гэтую святыню, неслі Евангелле на далоні. І на адбудову гэтай святыні сабраліся людзі, якія адчулі патрэбу ў сваім сэрцы, жаданне штосьці зрабіць на хвалу Божую. У адным з псальмоў сказана, што калі Пан дому не збудуе, дарэмныя намаганні тых, хто аб гэтым клапоціцца (пар. Пс 127,1). І сапраўды, Пан Бог хацеў захавання гэтай святыні. Ён даў натхненне тым людзям. Так вера складаецца з нашых учынкаў, і бачны іх плён. Мы кожны дзень нясём Евангелле іншым людзям сваімі справамі, сведчаннем, прыкладам. І гэта вельмі важная рэч,” – распавёў іерарх.
Напрыканцы біскуп падзякаваў усім добразычлівым людзям, якія адгукнуліся на просьбу аднавіць святыню і сабраліся разам у Імя Божае, адтрымаўшы ад Езуса і Марыі ўнутраны імпульс і любоў, каб зрабіць гэтую справу. “Часам не патрэбны вялікія ўкладанні, каб рабіць такія рэчы. Можна проста сабрацца ў Імя Божае і штосьці зрабіць, а Бог сам пакіруе, каб гэта справа ішла далей. Таму падзяка і нізкі паклон усім людзям, у якіх сапраўды загарэўся ў сэрцы гэты агонь. Кожная дробная праца на сваім месцы, і намаганні былі вельмі патрэбнымі. Імкнёмся рабіць дабро, рэалізуючы вучэнне Езуса Хрыста пра любоў да Бога і бліжняга. Няхай гэтая іскарка распаўсюджваецца далей па святынях нашай сінявокай Беларусі”.
Вочы прысутных час ад часу звярталіся да іконы “Маці Божая з Немаўлём”, якая ўпрыгожвае галоўны алтар. Гэта не арыгінал, а фотакопія, якая зачароўвае сваёй неверагоднай прыгажосцю. Гэтая святыня была ў розныя часы і праваслаўнай, і каталіцкай, але амаль двухметровы абраз заўсёды ўпрыгожваў яго алтар. І нават тады, калі з 1946 года касцёл быў зачынены і выкарыстоўваўся ў якасці склада, ён працягваў знаходзіцца ў галоўным алтары. І гэта так сімвалічна, што Маці Божая, якая сотні гадоў атуляла сваёй малітвай і апекай вернікаў хоўхлаўскай парафіі, і сёння не пакідае іх, як не пакідае ўсіх тых, хто прыходзіць Ёй сюды пакланіцца.
Хто ведае, можа словы, сказаныя братам Андрэем Жылевічам OFMCap на пачатку аб тым, што “гэта святыня заўсёды рада прымаць пілігрымаў”, стануць прароцкімі. Маем надзею, што на нашай роднай беларускай зямлі з’явіцца новы санктуарый Маці Божай Хоўхлаўскай, той зоркі, якая паказвае Божаму народу шлях да вечнай радасці. Няхай заззяе адсюль святло ласкі, прыцягваючы ўсё больш пілігрымаў, якія прагнуць сустрэчы з Нябеснай Заступніцай…
Праспяваўшы старажытны хрысціянскі гімн “Цябе, Бога, праслаўляем”, усе прысутныя прайшлі працэсіяй да капліцы-пахавальні. Тут адбылася яшчэ адна важная падзея – малітва за памерлых святароў, фундатараў, вернікаў хоўхлаўскай парафіі і іх дзяцей, пахаваных у крыпце касцёла і капліцы. Калі словы малітвы ўзносіліся ў адноўленай пахавальні, слёзы радасці былі на вачах прысутных. Здавалася, сама прырода падзяляе іх пачуцці – яркае восеньскае сонца, якога ранкам не было, быццам ззяе ў знак таго, што душы гэтых праведнікаў здабылі вечны адпачынак і супакой. Гэта настолькі пранікнёны і кранальны момант, што міжволі адчуваеш, як нябёсы і вернікі адначасова перажываюць радасць. Так важна, што мы не забываем пра тых людзей, якія будавалі гэту святыню, і ўсіх тых, хто гэтую святыню ствараў як жывы Касцёл.
Калі малітва завяршылася, усе прысутныя сабраліся на прыгожай прыкасцёльнай тэрыторыі, дзелячыся радаснымі эмоцыямі і ўражаннямі. Мясцовыя прыхаджане вынеслі пачастункі, прыгатаваныя спецыяльна для гэтай урачыстай падзеі, каб разам адсвяткаваць аднаўленне святыні.
Звонкі смех дзяцей і дарослых, ажыўленыя гутаркі і цёплыя абдымкі запоўнілі прастору вакол касцёла. Людзі дзяліліся гісторыямі пра тое, як яны дапамагалі ў аднаўленні гэтага месца; успаміналі тых, хто ўжо не змог прысутнічаць тут. Іх імёны гучалі з глыбокай павагай і ўдзячнасцю за ўсё, што яны зрабілі для захавання гэтай духоўнай жамчужыны.
Водары хатняй выпечкі, гарачай гарбаты і свежай садавіны, а таксама прыгожыя хрысціянскія спевы стваралі ўтульную атмасферу. Радасныя ўсмешкі і шчырыя словы падзякі сагравалі сэрцы прысутных, напаўняючы іх адчуваннем гармоніі. Кожны адыходзіў з касцёла з адчуваннем, што дакрануўся да вялікай справы захавання спадчыны продкаў, напоўнены надзеяй на тое, што гэтая святыня зноў стане жывым цэнтрам веры і любові для многіх пакаленняў.
Дзякуем Богу за дар нашай Апякункі Найсвяцейшай Панны Марыі, Імя якой мы ўшанавалі ў святыні, дзе на працягу многіх стагоддзяў людзі шукаюць свой шлях да Бога, дзе яднаюцца з Ім і Яго Матуляй, атрымліваючы патрэбныя дары, ласкі і сакрамэнты. Мы ўпэўнены, што ўсё тое, што адбылося ў касцёле вёскі Хоўхлава – гэта толькі пачатак чагосьці яшчэ больш важнага і значнага. Чаго, пакуль не ведаем, але ж Пан Бог ужо дакладна ўсё ведае, “бо для Бога няма нічога немагчымага” (Лк 1,37).
Дэкрэт аб пасвячэнні касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі ў Хоўхлаве
Тэкст дэкрэту:
“БІСКУП ЮРЫЙ КАСАБУЦКІ
Дэкрэт
Аб благаслаўленні Касцёла ў гонар Найсвяцейшага Імені Марыі ў Хоўхлаве Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
На хвалу і гонар Найсвяцейшай Тройцы.
Дзеля дабра Адзінага, Святога, Каталіцкага і Апостальскага Касцёла. У еднасці з Найсвяцейшай Маці Божай.
15 верасня 2024 года ад Нараджэння Пана нашага Езуса Хрыста, у дванаццаты год Пантыфікату Папы Рымскага Францішка.
Я, Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, з удзелам святароў і вернага народа Божага, благаславіў гэты касцёл у гонар Найсвяцейшага Імені Марыі.
Няхай у гэтай святыні ў Хоўхлаве мясцовыя вернікі і госці ўзносяць хвалу Пану.
Няхай яна будзе сведчаннем уваскрасення рэлігійнага жыцця і дапаможа хрысціянскаму народу няспынна павалічваць веру, надзею, любоў і хрысціянскае сведчанне!
Няхай гэты касцёл служыць справе еднасці Касцёла!
Няхай Бог благаславіць праз заступніцтва Марыі ўсіх тых, хто настойліва маліўся, сваімі парадамі і сродкамі энергічна клапаціўся аб аднаўленні гэтага парафіяльнага касцёла!
/подпісы пасвячаючага біскупа,
канцлера курыі і пробашча парафіі/
Мінск, 15 верасня 2024 года”