Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Каля руінаў касцёла ў Дубраве прайшла Імша з удзелам біскупа Юрыя Касабуцкага

8 чэрвеня
  • 9 чэрвеня, 2025
  • Тэкст: Алена Каралькова / Фота: Алена Каралькова, бр. Андрэй Жылевіч OFMCap, Таццяна Шумель, Галіна Савіцкая // Catholicminsk.by

Шмат каму з дзяцінства знаёмыя словы з верша «Радзіма» Міхаіла Пляцкоўскага: «Слышишь голос соловья? Это — Родина твоя». Сёння ў вёсцы Дубрава каля касцёла Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі спявалі не толькі вернікі, але спявала і прырода. Чароўная трэль салаўя сугучна злілася з малітвай, са словам Божым, з біццём сэрцаў і іх цеплынёй. Усё жывое славіла Бога за магчымасць быць разам, разам маліцца, працягваючы справу папярэдніх пакаленняў.

Мінула 220 год з дня асвячэння касцёла ў вёсцы Дубрава Маладзечанскага раёна. З гэтай нагоды 8 чэрвеня адбылася святая Імша, якую ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Больш за сотню вернікаў з розных парафій сабралася, каб аддаць пашану і хвалу Пану за гэтую святыню і людзей, якія служылі тут раней, і за тых, якія зараз дапамагаюць у справе захавання касцёла.

У гаміліі іерарх падкрэсліў, што слова апосталаў дайшло і да нашых продкаў. Мы маем таксама вельмі багатую гісторыю хрысціянства на нашай зямлі. І сведчаннем таму з’яўляюцца шматлікія святыні, а таксама гістарычныя звесткі пра іх. Нават руіны, якія таксама прасякнуты духам нашых продкаў і рознымі падзеямі, нясуць у сабе гэты кавалачак гісторыі і веры, якая дайшла да нас. І наша заданне — захаваць гэта для нашчадкаў.

«Таксама сёння мы ўзгадваем дзеянне Святога Духа ў сучасным свеце», — адзначыў біскуп Юрый, узгадаўшы тых валанцёраў, якім прыйшло натхненне захаваць руіны святыні, бо яны маюць вялікую гістарычную каштоўнасць і на сённяшні дзень ужо абараняюцца дзяржавай.

Пастыр Касцёла заклікаў прысутных рабіць дабро, не чакаючы якой-небудзь адплаты ці падзякі, і вучыць гэтаму наступныя пакаленні. Добра, каб мы ўмелі прысвяціць час адзін аднаму: быць разам і працаваць супольна. 

Напрыканцы гаміліі біскуп Юрый падкрэсліў, што важна заўважаць іншага чалавека і перадаваць каштоўнасці, якія у нас ёсць: каштоўнасці любові і дабразычлівасці, каштоўнасці сямейнага жыцця, веру, любоў да Бога.

Іерарх выказаў словы ўдзячнасці гісторыку нашай парафіі Таццяне Шумель і пробашчу парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Красным ксяндзу Паўлу Шылаку, які апякуецца дубраўскай парафіяй з 2014 года да цяперашняга часу, а таксама брату Андрэю Жылевічу OFMCap і ўсім тым, хто спрычыніўся да свята.

Пасля Святой Імшы ўсіх чакаў смачны пачастунак, прыгатаваны вернікамі парафіі святога Казіміра ў Маладзечне. Гэта быў цудоўны час! Час, напоўнены прыгожымі людзьмі, усмешкамі, радасцю, духмяным пловам і фірмовай шаурмой, добрымі словамі, сумесным фатаграфаваннем і любоўю.