Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Калядныя спектаклі ў Багданаве – евангелізацыя праз творчасць

28 снежня, 4 студзеня
  • 10 студзеня, 2026
  • Тэкст і фота: вернікі парафіі // Catholicminsk.by

Адной з цудоўных магчымасцяў евангелізацыі праз творчасць з яўляецца традыцыя падрыхтоўкі калядных спектакляў. У гэтым літургічным годзе ўвазе вернікаў парафіі святога Міхала Арханёла ў Багданаве (Валожынскі дэканат) былі прадстаўлены 2 сцэнкі, якія разам з дзецьмі і моладдзю падрыхтавалі сястра Алена Дварэцкая  і ксёндз канонік Андрэй Яркавец.

Удзельнікі прадстаўлення старанна рыхтаваліся да гэтай падзеі, і само прыгатаванне да выступу спрыяла глыбейшаму перажыванню Нараджэння Пана. У актаве Божага Нараджэння, 28 снежня, у свята Святой Сям’і, пасля нядзельнай святой Імшы выступалі самые маленькія парафіяне са спектаклем пра падзеі паводле біблійнага сюжэту.

Багданаўская парафія зусім невялічкая, і варта адзначыць, што амаль усе дзеткі былі задзейнічаны ў сцэнцы да свята Нараджэння Пана. Гледачы захапляліся дзіцячай непасрэднасцю і стараннасцю, радасна  перажываючы спектакль.

А ў наступную нядзелю 4 студзеня быў выступ моладзі парафіі і дарослых з пастаноўкай пра сэнс шчасця і спакусы сучаснага свету. Героі сцэнкі атаясамлівалася з рознымі грахамі, хібамі і слабасцямі сучаснага чалавека — прага да грошай, славы, матэрыяльных рэчаў,  павярхоўнага перажывання свята Божага Нараджэння, з усім тым, што прыносіць толькі часовае задавальненне, вельмі хісткае ў сучасным свеце.

Удзельнікі спектакля ставілі перад сабой  пытанне, што такое шчасце, і у кожнага былі свае адказы. Але ў выніку ўсё прыйшлі да высновы, што шчасце залежыць не толькі ад знешніх рэчаў і багацця, не толькі ад матэрыяльнага дабрабыту і поспеху, а найперш ад Бога. Толькі Ён дае сапраўднае шчасце.

Гледачы  цёпла дзякавалі артыстам, якія неўзабаве плануюць падзяліцца радасцю і сваімі талентамі з вернікамі іншых парафій.