ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Духоўны сын святога Вінцэнта Палоцці родам з Беларусі быў пасвечаны ў ступені прэзбітэрату
- 16 мая, 2025
- Тэкст: семінарыст Павел Строеўскі SAC, фота: з архіва семінарыі палатынаў у Алтажэве // Catholicminsk.by

10 мая ў польскім Алтажэве святарскае пасвячэнне прыняў палатын з Беларусі дыякан Віталій Міцкевіч.
Святар — гэта той, хто не баіцца аддаць жыццё Хрысту, хоць гэтае ахвяраванне складанае і нярэдка напаўняе чалавека страхам. Менавіта таму на апошняе пытанне, якое гучыць перад малітвай пасвячэння, кандыдаты адказваюць: «Хачу з Божай дапамогай». З Божай дапамогай, — бо самастойна гэтага немагчыма дасягнуць. Пра гэты і многія іншыя аспекты святарскага паклікання казаў у сваёй гаміліі Мітрапаліт Варшаўскі — арцыбіскуп Адрыян Гальбас SAC, які здзейсніў абрад пасвячэння.

У суботу 10 мая 2025 года святарскае пасвячэнне прынялі чацвёра палатынскіх дыяканаў — траіх родам з Польшчы: Матэвуш Моква, Мацей Ксяжык і Матэвуш Вінцьёрэк, а таксама адзін беларус — Віталій Міцкевіч. У цырымоніі ўзялі ўдзел больш за 80 святароў. Сярод іх асабліва варта адзначыць тых, якія прыбылі з Беларусі, а таксама членаў генеральнага кіраўніцтва палатынаў на чале з ксяндзом генералам Зэнанам Ханасам SAC, якія ў гэтыя дні распачалі генеральную візітацыю польскіх правінцый палатынаў, у тым ліку і Беларускай дэлегатуры.

Ксёндз Гжэгаж Сухадольскі SAC — сакратар па фармацыі і адначасова прэфект палатынскіх алюмнаў — напісаў у сацсетках пасля пасвячэння:
«Я шчаслівы, але і сумны. Шчаслівы, што Матэвуш, Мацей, Віталій і Матэвуш вытрымалі, прынялі пасвячэнне і сталі святарамі; сумны, бо яны сыходзяць з семінарыі. Няхай Бог вядзе вас…»

Гэтыя словы выказваюць вельмі шмат. Палатынская семінарыя «страціла» людзей пасля пасвячэння. Нашы сабраты выконвалі ў ёй шмат важных функцый, сярод іншага: былі старэйшымі алюмнаў (так званая функцыя дэканa), выконвалі галоўныя ролі ў Містэрыях Мукі Пана, выразна ўмацоўвалі супольнае жыццё сваімі талентамі, адукацыяй і багаццем сваёй асобы.

На шчасце, гэтая «страта» для семінарыі стане здабыткам для палатынскіх парафій. У гэтым мы ўпэўненыя і дзякуем Богу за тое, што яшчэ чацвёра братоў ужо хутка прыме душпастырскае служэнне.

Молімся аб новых і святых пакліканнях да палатынскай сям’і.
P. S. Айцы палатыны служаць у Беларусі ў чатырох дыяцэзіях: Гродзенскай, Віцебскай і Пінскай дыяцэзіях, а таксама ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі (парафія святога Андрэя Апостала і святога Леапольда Багдана Мандзіча ў мікрараёне Уручча ў Мінску).