ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Беларускія пілігрымы ў Вечным горадзе памаліліся разам з маладымі біскупамі-землякамі
- 1 кастрычніка, 2024
- Тэкст і фота: з архіва пілігрымкі Мінск-Рым
З 18 па 25 верасня адбылася аўтобусная пілігрымка Мінск – Рым. У гэтай падзеі ўдзельнічалі пілігрымы з розных куткоў Беларусі пад кіраўніцтвам ксяндза каноніка Юрыя Санько. У ёй таксама прымалі ўдзел сястра Ліля Казіміровіч OP і айцец Павел Федаровіч МІС.
Падчас гэтага духоўнага падарожжа ўдзельнікі наведалі наступныя мясціны:
- Чэнстахова (Польшча), дзе адбылася святая Імша ў капліцы цудадзейнага абраза і марыйны заклік),
- Вена (Аўстрыя), па якой беларускія пілігрымы прайшліся пешшу,
- Фларэнцыя (Італія), дзе вернікі памаліліся ў базыліцы Маці Божай,
- Рым (Італія) і Ватыкан, дзе пілігрымы наведалі найважнейшыя духоўныя, гістарычныя і культурныя каштоўнасці,
- Падуя (Італія), дзе пілігрымы выпрошвалі патрэбныя ласкі ў базыліцы святога Антонія, вельмі шанаванага ў Беларусі,
- Будапешт (Венгрыя), у якім беларускія вернікі наведалі базыліку святога Стэфана.
Кульмінацыйным пунктам гэтай пілігрымкі быў побыт у Рыме. Дзень у Вечным горадзе быў даволі насычаным. У дольнай капліцы Маці Божай Чэнстахоўскай, якая знаходзіцца ў базыліцы св. Пятра, пілігрымы маліліся падчас Эўхарыстыі разам з беларускімі біскупамі – Уладзімірам Гуляём і Андрэем Зноска. Пастыры з Беларусі бралі ўдзел ў фармацыйным курсе для новапасвячаных іерархаў, які праходзіў у гэтых днях у Рыме. Дзякуючы Божаму Провіду, беларускія пілігрымы ва ўспамін святога Мацвея, апостала і евангеліста, маглі маліцца ў Рыме разам з сучаснымі наступнікамі апосталаў – біскупамі Уладзімірам і Андрэем. Пасля заканчэння святой Імшы для ўдзельнікаў пілігрымкі была падрыхтавана экскурсія ў базыліцы святога Пятра, а потым яны мелі магчымасць пешшу прайсціся па вуліцах Рыма ад плошчы святога Пятра да Калізея. Затым пілігрымы скіраваліся ў Падую.
Дзякуючы Божай дапамозе, усе ўдзельнікі пілігрымкі бяспечна вярнуліся на Радзіму і паехалі ў свае родныя мясціны, каб падзяліцца ўражаннямі са сваімі роднымі і знаёмымі.