ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Арцыбіскуп Кандрусевіч памаліўся ў супольнасці парафіі святога Францішка пад Мінскам
- 26 сакавіка, 2025
- Тэкст: Вераніка Раманенкава, фота: Марыя Шульгат // Catholicminsk.by

21 сакавіка арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч памаліўся разам з вернікамі парафіі святога Францішка (вёска Копішча каля Мінска) на святой Імшы і набажэнстве Крыжовага шляху.
Перыяд Вялікага Посту – гэта час, калі хрысціянін шукае глыбейшага дыялогу з самім сабой, разважае над сваім жыццём, імкнецца да выпраўлення памылак.
Для кагосьці Вялікі Пост можа стаць момантам выпрабавання або страты. Апошні месяц увесь каталіцкі свет моліцца аб выздараўленні і вяртанні да сваіх абавязкаў Папы Францішка. У гэты ж час у Беларусі моляцца таксама аб здароўі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.
21 сакавіка, у пятніцу, парафія святога Францішка каля Мінска, якой апякуюцца браты капуцыны, падчас святой Імшы малілася за памерлага некалькі дзён таму прараба Аляксандра Яноўскага, які пакінуў гэты свет, але разам з тым збудаваў і пакінуў для нас і наступных пакаленняў каталіцкую святыню.
Падчас святой Імшы арцыбіскуп Тадэвуш выказаў удзячнасць вернікам за малітву ў яго інтэнцыі, таксама склаў словы спачування блізкім памерлых, якія ўспаміналіся на Імшы. Разам з тым падчас гаміліі іерарх адзначыў, што Вялікі пост павінен стаць для чалавека шляхам, які пераўтварае старога чалавека ў новага з больш дасканалым духоўным станам. Чалавек павінен змяняцца як знешне, так і духоўна. Мы бесперастанна павінны глядзець у люстэрка Божага закону, ставіць сабе дыягназ, якімі людзьмі мы з’яўляемся. Імпульсам да перамянення і пазнання сябе можа стаць чытанне святога Пісання, разважанне над Божым Словам і сваімі ўчынкамі.
Пасля святой Імшы ўсе прысутныя прайшлі імправізаваны Крыжовы шлях, які падрыхтаваў парафіяльны хор Transitus. У набажэнстве Крыжовага шляху выкарыстоўвалася музычнае, пластычнае мастацтва і літаратура. Кожную стацыю суправаджала кароткае разважанне, якое зноў і зноў заклікала чалавека думаць пра свае дзеянні і словы. Пасля разважання гучалі пранікнёныя спевы хора пад суправаджэнне інструментальнай групы. Візуалізацыяй падзей Крыжовага шляху сталі пластычныя рухі парафіяльнай моладзі – дзяўчаты білі сябе па твары, падалі на калені, узнімаліся ў форме крыжа, рвалі і тапталі вопратку, абдымалі адна адну і штурхалі. Моладзь харэаграфічнай пластыкай паказвала пастаяннае супрацьстаянне дабра і зла, пакоры і бунтарства, болю і любові.
Музычная драматургія набажэнства будавалася на творах пераважна беларускіх аўтараў: Christe, cum sit hinc exire – V частка кантаты Stabat Mater Аліны Безенсон, «Божа, паспагадай усім» – тэкст Рыгора Барадуліна на музыку Андрэя Агеенкі, «Толькі Ты» на музыка і тэкст Ангеліны Шчэрбы, «Адажыо f-moll для скрыпкі з аркестрам» Льва Абеліёвіча ў пералажэнне для скрыпкі і аргана ў выкананні Аляксея Загорскага (скрыпка) і Юрыя Габруся (арган), Alleluia на музыку Канстанціна Яськова ў выкананні Маргарыты Кучук (сапрана) і Юрыя Габруся (арган). Таксама гучала музыка замежных аўтараў у перакладзе на беларускую мову.
На заканчэнне набажэнства, Крыжовага шляху арцыбіскуп Кандрусевіч пажадаў вернікам не баяцца зла і выпрабаванняў, а імкнуцца да ўваскрасення і перамогі жыцця, бо любая трагедыя можа абярнуцца трыумфам ўваскрасення.





