ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: 100 гадоў таму…
- 12 мая, 2025
- Тэкст: а. Аляксандр Ашмянчук CSMA, фота: з архіва айцоў міхалітаў // Catholicminsk.by
Кангрэгацыя Святога Арханёла Міхала ў Беларусі святкуе прыгожы юбілей: у верасні гэтага года споўніцца роўна сто гадоў з таго дня, як першыя міхаліты прыбылі ў вёску Дзеткавічы, што пад Баранавічамі, каб адкрыць выхаваўчы дом для хлопчыкаў-сірот у маёнтку, ахвяраваным графіняй Гэленай Ельскай.

Праца ва ўстанове вялася на працягу 17 гадоў, да 13 ліпеня 1942 года, калі нямецка-фашысцкія захопнікі расстралялі дырэктара гэтай установы, айца Вінцэнта Кураса CSMA, за тое, што ён даваў прытулак габрэйскім дзецям і рускім ваеннапалонным.

Даследчык Дзмітрый Загацкі ў сваім творы «Высакароднае сэрца айца Вінцэнта Кураса» пакінуў такое сведчанне аб гэтым святары:
«Падчас жахлівага злачынства было забіта не менш за чатырыста палякаў, у тым ліку 17 святароў, шмат афіцэраў польскай арміі, настаўнікаў, юрыстаў, лекараў, фармацэўтаў, ветэрынараў і рамеснікаў. Перад пакараннем смерцю ахвяр забівалі ў двары турмы і прымушалі здымаць верхнюю вопратку, пакідаючы толькі штаны і кашулі, затым звязвалі калючым дротам, кідалі на грузавікі, накрытыя брызентам, і везлі на месца злачынства. Там іх расстрэльвалі парамі ці чацвёркамі над загадзя падрыхтаванай ямай. У той трагічны дзень сэрца айца Вінцэнта Кураса, прастрэленае куляй ката, перастала біцца. Гэта было адно з самых высакародных сэрцаў у свеце».

Неўзабаве пасля гэтага дом і майстэрні былі спалены.
Каб адзначыць гэты незвычайны юбілей, айцы міхаліты сабраліся, каб з 28 красавіка па 3 мая перажыць супольныя законныя рэкалекцыі ў доме айцоў вербістаў ў Баранавічах (Пінская дыяцэзія).


На трэці дзень рэкалекцый іх удзельнікі наведалі старыя могілкі ў Баранавічах, дзе ў супольнай магіле знаходзяцца смяротныя парэшткі айца Вінцэнта Кураса. Затым законнікі адправіліся ў Дзеткавічы, наведваючы месца былога выхаваўчага дома. Сёння там растуць высокія дрэвы, вакол раскіданы кавалкі цэглы, а побач бачны глыбокі бетонны падвал. У міхаліцкім архіве захавалася некалькі старых фотаздымкаў. Можна заплюшчыць вочы і ўявіць сябе амаль сто год таму, убачыць хлопчыкаў, святароў і семінарыстаў, выхавацеляў, графіню Ельскую… Можна сесці ў лодку і апынуцца на блізкім возеры.





Рэкалекцыі былі для манаскай супольнасці міхалітаў таксама часам іншых радасных перажыванняў: свае імяніны адзначылі айцец Мар’ян Хаменя CSMA (30 красавіка) і айцец Аляксандр Ашмянчук CSMA (3 мая). Асаблівым чынам субраты ўшанавалі айца Генадзія Кухарэвіча CSMA, які ў гэтым годзе адзначае срэбраны юбілей ад моманту святарскага пасвячэння. Як заўсёды, законныя рэкалекцыі завяршыліся сумесным аднаўленнем манаскіх абяцанняў.

Сёння міхаліты працуюць у шасці парафіях у Беларусі ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Гродзенскай дыяцэзіі. Законнікі аднавілі з руін тры касцёлы, а цяпер будуюць две святыні — у Мінску і Гатава. Аднак, самае галоўнае — гэта тое, што па прыкладзе сваіх папярэднікаў, айцоў міхалітаў, якія прыйшлі на гэтыя землі сто гадоў таму, іх наступнікі найбольш клапоцяцца пра Божыя святыні ў душах дзяцей і моладзі.