Skip to main content

Лічба дня — 2484: столькі пілігрымаў прыехалі на роварах і прыйшлі пешкі на сёлетні фэст у Будслаў

4 ліпеня
  • 7 ліпеня, 2025
  • Тэкст: кс. Павел Эйсмант / Фота: Віктар Ведзень // Catholicminsk.by

4 ліпеня ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай на агульнабеларускі фэст, пачынаючы ад паўдзённай пары, прыбывалі пешыя і роварныя пілігрымкі з розных мясцін з усіх дыяцэзій Беларусі.

Кожную пешую і роварную пілігрымку шчыра вітаў пробашч парафіі ў Будславе і кусташ Нацыянальнага санктуарыя ксёндз Дзмітрый Дубовік. Святар запрашаў пілігрымаў, якія прыбылі на сустрэчу з Маці Божай Будслаўскай, увайсці ў святыню, адчуць яе прахалоду пасля спякотнага шляху пілігрымкі і прайсці апошнія 50 метраў да цудадзейнага абраза. Некаторыя пілігрымкі вітаў асабіста Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Удзельнікі пілігрымак, акропленыя асвячонай вадой, з радасцю ўваходзілі ўнутр касцёла, які з’яўляецца юбілейнай святыняй, і апошнія метры да абраза ішлі на каленях, ціха молячыся і даручаючы Марыі прынесеныя з сабой інтэнцыі».

Усяго ў гэтых паломніцтвах узялі ўдзел 2484 чалавекі. Такім чынам, сёлета пешых і роварных пілігрымаў было больш на 502 чалавекі. Летась іх было 1982.

На роварах на фэст ехалі велапілігрымы з Мінска і Мядзела — усяго 16 удзельнікаў.

Пешкі з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ішлі пілігрымы з Вілейкі, Жодзіна, Маладзечна, Нарачы, Ракава, тры пілігрымкі з Мінска і адна сямейная пілігрымка руху Equippes Notre-Dame з вёскі Пузыры. Таксама ў Нацыянальны санктуарый крочылі пілігрымы з іншых дыяцэзій. Так, да Маці Божай Будслаўскай прыйшлі пілігрымкі з Браслава, Віцебска, Паставаў, Полацка, Росіцы і дзве пілігрымкі з Глыбокага (Віцебская дыяцэзія); з Ліды і Смаргоні (Гродзенская дыяцэзія); з Баранавічаў (Пінская дыяцэзія).

Адметна, што ў пілігрымцы Маладзечна-Будслаў, якая сёлета стала самай вялікай па колькасці ўдзельнікаў, ішла група 70-і вернікаў, з іх 7 святароў, з дыяцэзіі святога Клеменса ў Саратаве (Расійская Федэрацыя) разам са сваім пастырам, біскупам Клеменсам Піккелем. Таксама да пілігрымкі Росіца-Будслаў, арганізаванай айцамі марыянамі, у перадапошні дзень далучылася невялікая група з мінскага Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра.

Найбольш працяглым па адлегласці быў шлях пілігрымак з Баранавічаў, удзельнікі якіх пераадолелі за дзевяць дзён каля 290 кіламетраў.