Skip to main content

Ксёндз Юзаф Сярпейка прызначаны дырэктарам Катэхетычнага аддзела Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

17 верасня
  • 19 верасня, 2025
  • Фота: Віктар Ведзень // Catholicminsk.by

17 верасня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі сваім дэкрэтам стварыў Дыяцэзіяльны Катэхетычны аддзел Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і прызначыў яго дырэктарам ксяндза ліцэнзіята Юзафа Сярпейку, пробашча парафій у Беразіно і Бялынічах.

Мінск, 17 верасня 2025 г.

ДЭКРЭТ
Аб прызначэнні

На падставе арт. 439 Статутаў Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій гэтым дэкрэтам з 17 верасня 2025 года

прызначаю
паважанага ксяндза ліцэнзіята
Іосіфа Сярпейку

дырэктарам Дыяцэзіяльнага Катэхетычнага аддзела Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У выкананні сваіх абавязкаў неабходна кіравацца Дэкрэтам №65/д/25 ад 17 верасня 2025 года, а таксама іншымі прадпісаннямі права і даручэннямі арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага.

З пастырскім благаслаўленнем

Арцыбіскуп Іосіф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Кс. кан. Дзмітрый Пухальскі
Канцлер курыі
Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

Даведка

Дыяцэзіяльны Катэхетычны аддзел з’яўляецца спецыяльным пастаянным органам архідыяцэзіяльнай адміністрацыі. Ён прызначаны садзейнічаць арцыбіскупу Мінска-Магілёўскаму ў арганізацыі і кіраванні катэхізацыяй на тэрыторыі архідыяцэзіі, забяспечываючы адпаведнасць катэхетычнай працы афіцыйнаму вучэнню Каталіцкага Касцёла і пастановам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.

Асноўныя задачы Катэхетычнага аддзела:

  • выдача місій і ліцэнзій на выкладанне каталіцкай рэлігіі ў парафіях;
  • маніторынг і ацэнка якасці катэхетычнай адукацыі з пункту гледжання адпаведнасці афіцыйнаму вучэнню Касцёла;
  • арганізацыя пастаяннай фармацыі, духоўнага і прафесійнага развіцця катэхетаў у адпаведнасці з дакументамі Касцёла;
  • правядзенне курсаў, семінараў, сімпозіумаў і іншых адукацыйных форм для катэхетаў;
  • метадычны і зместавы нагляд за катэхетамі ў парафіях, у тым ліку дакументацыя, планаванне і каардынацыя катэхетычных праграм;
  • нагляд за рэалізацыяй катэхетычных праграм, уключаючы катэхізацыю дарослых, у адпаведнасці з прадпісаннямі права;
  • арганізацыя рэкалекцый, духоўных сустрэч і іншых катэхетычных і душпастырскіх мерапрыемсгваў;
  • ініцыятыва і стымуляванне развіцця душпастырска-катэхетычнай дзейнасці ў архідыяцэзіі;
  • выкананне іншых даручаных заданняў, звязаных з катэхізацыяй, ад арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага.

Катэхетычны аддзел дзейнічае ў цесным супрацоўніцтве з дыяцэзіяльным біскупам, пробашчамі парафій, парафіяльнымі і дыяцэзіяльнымі душпастырскімі і катэхетычнымі цэнтрамі.

Кс. ліц. Юзаф Сярпейка нарадзіўся ў в. Навасяды Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. У 2004 г. закончыў Кальчунскую сярэднюю школу Ашмянскага раёна. У гэтым жа годзе паступіў у Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю. У 2010 г. перавёўся ў Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю ў Шчэціне (Польшча), якую закончыў у 2013 г. Адначасова вучыўся на тэалагічным факультэце Шчэцінскага ўніверсітэта, дзе атрымаў ступень магістра па спецыяльнасці «маральная тэалогія».

7 снежня 2013 г. атрымаў дыяканскае пасвячэнне і быў скіраваны на служэнне ў парафію ў Свіры. 21 чэрвеня 2014 г. атрымаў святарскае пасвячэнне. Быў вікарыем у парафіях у Рубяжэвічах, Вілейцы і ў конкатэдральнай парафіі ў Магілёве. У 2018 г. прызначаны адміністратарам, а ў наступным годзе — пробашчам парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Бялынічах (Магілёўскі дэканат). У 2024 г. атрымаў прызначэнне на пасаду пробашча парафіі Маці Божай Міласэрнасці ў Беразіно (Барысаўскі дэканат), захоўваючы пад сваёй душпастырскай апекай парафію ў Бялынічах.

У 2016-2021 гг. быў мадэратарам апостальскага руху «Маргарытка» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. 7 жніўня 2025 г. прызначаны выкладчыкам Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля.

У 2022 г. паступіў ва Універсітэт Кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве, дзе ў 2025 г. атрымаў ступень ліцэнзіята па спецыялізацыі «катэхетыка». Працягнуў навучанне на дактарантуры ўніверсітэта.