Skip to main content

Касцёл мае патрэбу ў вас: Папа Леў XIV сустрэўся з усходнімі католікамі

14 мая
  • 14 мая, 2025
  • Тэкст: Кс. Аляксандр Амяльчэня / Беларуская рэдакцыя Vatican News
  • Паводле Catholic.by

14 мая ў рамках Юбілею 2025 года адбылася cустрэча Папы Льва XIV з католікамі ўсходніх абрадаў.

Падчас адной з першых сустрэч свайго пантыфікату Леў XIV заклікаў захоўваць традыцыі Усходніх Каталіцкіх Цэркваў, падкрэсліваючы іх унікальную духоўную і літургічную спадчыну.

На аўдыенцыі прысутнічала дэлегацыя беларускіх святароў: грэка-каталіцкую супольнасць Беларусі на Юбілеі прадстаўляе архімандрыт Сяргей Гаек, апостальскі адміністратар для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі, а таксама тры святары: айцец Андрэй Абламейка з Мінска, айцец Андрэй Крот з Гродна і айцец Яўген Усошын, канцлер курыі Апостальскай адміністратуры.

«Вы з’яўляецеся каштоўнымі. Гледзячы на вас, я думаю пра разнастайнасць вашых паходжанняў, слаўную гісторыю і жорсткія пакуты, якія перанеслі ці працягваюць пераносіць многія вашыя супольнасці»,

— сказаў Святы Айцец.

Пантыфік спаслаўся на Папу Льва XIII, які яшчэ ў 1894 годзе прысвяціў спецыяльны дакумент годнасці Усходніх Цэркваў, адзначыўшы, што «справа збаўлення чалавека пачалася на Усходзе».

Асаблівую ўвагу Леў XIV надаў праблеме захавання ўсходніх традыцый у дыяспары. Ён падкрэсліў, што вернікі, якія пакідаюць свае родныя землі з прычыны войнаў, пераследу, нестабільнасці ці беднасці, рызыкуюць страціць не толькі Радзіму, але і рэлігійную ідэнтычнасць.

«Захаванне ўсходніх абрадаў больш важнае, чым лічыцца», — нагадаў Папа, цытуючы свайго папярэдніка Льва XIII. У сувязі з гэтым Святы Айцец даручыў Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў дапамагчы выпрацаваць прынцыпы, нормы і кіруючыя палажэнні, якія дазволяць лацінскім пастырам канкрэтна падтрымліваць усходніх католікаў у дыяспары.

«Касцёл мае патрэбу ў вас. Які ж вялікі ўклад можа даць нам сёння хрысціянскі Усход!»

— падкрэсліў Леў XIV, адзначаючы важнасць аднаўлення пачуцця таямніцы, такога жывога ва ўсходніх літургіях, і вяртання да разумення першынства Бога, значэння міжзаступніцтва, пакаяння і посту.

Асаблівую ўвагу Святы Айцец надаў тэме міру, асабліва ў кантэксце канфліктаў, якія закранаюць шматлікія рэгіёны, дзе жывуць усходнія католікі. «Хрысціянам павінна быць дадзена магчымасць, і не толькі на словах, заставацца на сваіх землях з усімі неабходнымі правамі для бяспечнага існавання», — заявіў Пантыфік.

У заключэнні сваёй прамовы Леў XIV заклікаў Усходнія Цэрквы быць прыкладам веры, надзеі і любові, а пастыраў — спрыяць сапраўднай саборнасці і супрацоўніцтву.

Пасля прамовы, благаслаўлення і прывітання іерархаў, Папа Леў XIV сышоў у Зал Паўла VI, каб асабіста прывітаць вернікаў.

На фота: Архімандрыт Сяргей Гаек падчас размовы з Папам Львом XIV. Беларуская рэдакцыя Vatican News.