Skip to main content

Касцёл удзяляе поўны адпуст да Дня пажылых людзей

28 ліпеня
  • 19 ліпеня, 2024
  • Тэкст: Марыя Валодзіна // Vatican News, фота: Catholicminsk.by

Апостальская пэнітэнцыярыя, па просьбе кардынала Кэвіна Джозэфа Фарэла, прэфекта Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, удзяліла поўны адпуст з нагоды IV Сусветнага дня бабуль, дзядуль і пажылых людзей.

Адпуст распаўсюджваецца на ўсіх вернікаў, якія ў духу пакаяння і міласэрнасці прымуць удзел 28 ліпеня 2024 года ў набажэнстве, якое Святы Айцец узначаліць у ватыканскай базіліцы, або ў розных мерапрыемствах, якія адбудуцца па ўсім свеце з нагоды Сусветнага дня. Адпуст можа быць ахвяраваны за душы ў чыстцы. Яго ўмовы звычайныя: сакрамэнтальная споведзь, эўхарыстычная камунія і малітва ў інтэнцыях Вярхоўнага Пантыфіка.

Пэнітэнцыярыя таксама ўдзяляе поўны адпуст вернікам, якія ў гэты Дзень прысвецяць адпаведную колькасць часу, каб наведаць пажылых братоў і сясцёр, хворых, адзінокіх, людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Поўны адпуст можа быць атрыманы пры адсутнасці прывязанасці да ўсялякага граху і пры намеры як мага хутчэй выканаць яго тры абавязковыя ўмовы хворымі пажылымі людзьмі, тымі, хто ім дапамагае, і ўсімі, хто па сур’ёзнай прычыне не можа выйсці з уласнага дому, калі яны духоўна далучацца да набажэнстваў, што будуць праходзіць з нагоды Сусветнага дня, і ахвяруюць Богу свае малітвы, пакуты і цярпенні, асабліва падчас трансляцый у сродках масавай інфармацыі.

Апостальская пэнітэнцыярыя настойліва просіць святароў даць шырокую магчымасць вернікам скарыстацца сакрамэнтам паяднання.

IV Сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людзей будзе адзначацца 28 ліпеня 2024 года. Сёлетняя тэма – У старасці не пакідай мяне (пар. Пс 71, 9).