Гукі аргана: канцэрт маладых арганістаў адбыўся ў Копішчы
- 8 мая, 2026
- Тэкст і фота: Вераніка Раманенкава // Catholicminsk.by
29 красавіка ў парафіі святога Францішка ў вёсцы Копішча Мінскага раёна адбыўся канцэрт маладых арганістаў.
Прыгожым вясеннім днём, калі прырода раскрывае ўсю сваю квітнеючую прыгажосць, маладыя таленты арганнага выканальніцтва напоўнілі касцёл святога Францішка музыкай Ё. Фішара, Дж. Марціні, Ё. Пахельбеля, С. Франка, Э. Лемэгра, А. Брукнэра, Ё.С. Баха, Н. Брунса, Л. Боэльмана.
У канцэрце прымалі ўдзел навучэнцы класа аргана выкладчыка Святланы Рэзько Дзіцячай музычнай школы мастацтваў №1 імя Л. П. Аляксандроўскай: Плаксiна Ганна, Лыскавец Васіль, Скітава-Станкевіч Ксенія, Янута Кацярына, Гутнік Міхаліна, Трапашка Міхаіл.
На сённяшні дзень маладыя арганісты актыўна канцэртуюць і прымаюць удзел у конкурсах арганнага выканальніцтва.

Ігра на аргане — вельмі складаны від дзейнасці, асабліва для дзяцей. Калі чалавек іграе на аргане, тут задзейнічаны не толькі механізмы мыслення, канцэнтрацыі ўвагі, факусавання на гуку, тут актыўна працуе фізіялогія — буйная і дробная маторыка, абедзьве нагі знаходзяцца ў пастаянным руху, корпус павінен утрымлiваць баланс. Акрамя таго, трэба пачуць і адчуць, што і як ты выконваеш.
Цудоўна, калі дзеці імкнуцца займацца такім відам мастацтва, як музыка, і асабліва арганная.
Парафія святога Францішка і браты капуцыны, якія апякуюцца парафіяй, заўсёды з вялікай радасцю вітаюць таленавітых выканаўцаў у сценах сваёй святыні.





