Skip to main content

Калядная сустрэча працаўнікоў адукацыі і выхавання Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбылася ў Мінску

4 студзеня
  • 7 студзеня, 2025
  • Тэкст: Марына Эрмандраўт, фота: Сяргей Сінкевіч, Марына Эрмандраўт // Catholicminsk.by

4 студзеня ў сталічным касцёле Святога Духа (мікрараён Чыжоўка) адбылася першая калядная сустрэча працаўнікоў адукацыі і выхавання Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

З гэтай нагоды святочную Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

На пачатку літургіі ўсіх прысутных настаўнікаў, выкладчыкаў і выхавацеляў, а таксама пастыра архідыяцэзіі прывітаў ксёндз канонік доктар Ян Крэміс, якому ад нядаўняга часу, згодна з рашэннем Мітрапаліта, даручана арганізацыя Дыяцэзіяльнага душпастырства працаўнікоў адукацыі і выхавання ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

У сваю чаргу, арцыбіскуп Юзаф падкрэсліў, што сённяшння малітва ахоплівае ўсіх, хто мае дачыненне да адукацыі і выхавання, пачынаючы ад Міністэрства адукацыі на чале з яе міністрам да тых, хто забяспечвае належныя ўмовы і тэхнічны стан класаў.

Падчас прамоўленай гаміліі Мітрапаліт разважаў пра значэнне настаўнікаў і сведкаў у нашым жыцці, а таксама аб тым, якім павінен быць веруючы чалавек у сучасным свеце. Іерарх заахвоціў прысутных, якія па сваей прафесійнай дзейнасці штодня навучаюць іншых, каб сёння адчулі сябе вучнямі ў школе Хрыста, бо ўсе мы – дзеці Божыя.

Калядная сустрэча, якая распачалася Эўхарыстыяй, прадоўжылася ў сямейнай атмасферы ў дольным касцёле.

Паколькі гэта была першая сустрэча ў такім фармаце, прысутныя пазнаёміліся паміж сабой, а затым паслухалі тэматычную канферэнцыю дыяцэзіяльнага душпастыра ксяндза каноніка доктара Яна пра тэалагічныя падставы святкавання юбілею.

Закончылася сустрэча ўзаемнымі святочнымі віншаваннямі, уручэннем падарункаў, дзяленнем аплаткай і супольным пачастункам.