Skip to main content

Каб памяць жылa ў малітве: у Шклове з’явіўся алтар у гонар абаронцаў Радзімы

  • 25 красавіка, 2026
  • Тэкст: парафіяне Шклова / Фота: shklovinfo.by // Catholicminsk.by

У касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла ў Шклове адбылася ўрачыстая цырымонія асвячэння мемарыяльнага алтара Найсвяцейшага Сэрца Езуса, прысвечанага ўраджэнцам Шклоўшчыны, якія аддалі свае жыцці ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Гэты духоўны знак памяці створаны дзякуючы супрацоўніцтву Беларускага фонду міру і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Будова алтара прымеркавана да важнай гістарычнай даты: у 2026 годзе споўніцца 85 гадоў з пачатку Вялікай Айчыннай вайны — трагедыі, якая нанесла беларускаму народу глыбокія раны і пакінула след у памяці пакаленняў.

Асаблівую значнасць падзеі надае тое, што год таму, 27 чэрвеня 2025 года, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, гэты алтар благаславіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Менавіта з гэтага благаслаўлення пачаўся шлях да сённяшняга ўрачыстага адкрыцця і асвячэння.

У цырымоніі прынялі ўдзел:

  • Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, які здзейсніў абрад асвячэння;
  • Старшыня Шклоўскага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Іванавіч Барташ;
  • Першы намеснік старшыні праўлення РГА «Беларускі фонд міру» Аляксандр Уладзіміравіч Чырко;
  • Галоўны спецыяліст па справах рэлігій і нацыянальнасцей галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Антон Мікалаевіч Лабаноўскі;
  • Духавенства Магілёўшчыны, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, моладзевых ініцыятыў, мясцовая супольнасць і вернікі.

Прысутнасць прадстаўнікоў дзяржаўных структур і грамадскіх арганізацый падкрэсліла важнасць захавання гістарычнай памяці і падтрымкі духоўных традыцый у рэгіёне.

У сваім звароце біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB адзначыў, што мемарыяльны алтар — гэта не толькі знак павагі да загінулых, але і месца малітвы, дзе вернікі будуць прасіць Бога аб вечным супакоі для герояў і аб міры для сучаснага свету. Ён падкрэсліў:

«Памяць пра тых, хто аддаў жыццё за Радзіму, — гэта не толькі гісторыя. Гэта наш духоўны абавязак. Малітва за загінулых — гэта акт удзячнасці і сведчанне таго, што іх ахвяра жыве ў нашых сэрцах».

Асобна біскуп звярнуўся да моладзі, якая актыўна ўдзельнічала ў падзеі: «Дарагая моладзь, вы — спадкаемцы гэтай зямлі і яе памяці. Вы адказныя за тое, каб праўда пра мінулае не згасла. Нясіце ў свет каштоўнасці міру, павагі і чалавечай годнасці. Няхай вашыя сэрцы будуць адкрытыя на дабро, каб ніколі не паўтарылася трагедыя вайны».

Старшыня Шклоўскага райвыканкама Сяргей Барташ звярнуў увагу на тое, што з’яўленне мемарыяльнага алтара ў касцёле сведчыць пра высокую павагу да гісторыі і ролі рэлігійных супольнасцей у выхаванні патрыятызму і грамадзянскай адказнасці.

Першы намеснік старшыні праўлення «Беларускага фонду міру» Аляксандр Чырко падкрэсліў, што арганізацыя традыцыйна падтрымлівае праекты, накіраваныя на захаванне памяці пра герояў і ўмацаванне культуры міру. Менавіта дзякуючы падтрымцы фонду стварэнне мемарыяльнага алтара стала магчымым.

Мемарыяльны алтар у касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла стане не толькі знакам павагі да загінулых, але і духоўным цэнтрам памяці, які будзе нагадваць пра каштоўнасць міру і чалавечай годнасці. Ён аб’ядноўвае Касцёл, грамадскія структуры, моладзь і мясцовую супольнасць у агульнай справе — захаванні памяці пра тых, хто мужна абараняў Радзіму.