Гасанна з вослікам: у Пальмовую нядзелю арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліў літургічнае набажэнства ў Заслаўі
- 14 красавіка, 2025
- Тэкст: кс. Павел Эйсмант, Марына Качарова, фота: Марына Качарова // Catholicminsk.by

13 красавіка ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі (дэканат Мінск-Захад) арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч ўзначаліў літургічнае набажэнства Пальмовай нядзелі, падчас якой Касцёл адзначае ўрачысты ўезд Хрыста ў Ерузалем і пачатак Яго мукі.
Перад урачыстасцю вернікаў і гасцей парафіі сустракаў «вербны базар», які рыхтаваўся сіламі і намаганнямі асобных парафіян. Адметна, што сродкі, атрыманыя з продажу вербаў, пойдуць на далейшы рамонт касцёла звонку. Таксама ўжо другі год запар пры ўпрыгожыванні вербачак не выкарыстоўваюцца штучныя кветкі, толькі экалагічны дэкор.

На пачатку літургічнай цэлебрацыі ганаровага госця і прысутных перад святыняй вернікаў прывітаў пробашч парафіі ксёндз канонік Антоній Клімантовіч.


Пасля малітвы арцыпастыр асвяціў прынесеныя парафіянамі вербы. Затым быў прачытаны фрагмент Евангелля аб урачыстым ўваходзе Езуса ў Ерузалем і працэсія, якую утварылі ўсе прысутныя, вырушыла да галоўнага алтара касцёла.



Урачыстасць падчас дзвюх працэсій з пальмамі ўпрыгожыў сваёй прысутнасцю вослік Юлій. З’яўленне жывёлы стала атракцыяй для вернікаў і жыхароў горада і прывабіла шмат дзяцей, якія пасля Імшы каталіся на восліку.

У гаміліі пасля прачытанай па ролях Мукі Пана іерарх звярнуў увагу на тое, што набажэнства Пальмовай нядзелі ўводзіць нас у Вялікі тыдзень, падчас якога мы разважаем пра вялікія справы нашага збаўлення. Яно складаецца з дзвюх частак: успаміну ўрачыстага ўваходу Езуса ў Ерузалем і Яго крыжовай мукі.
Пры гэтым арцыпастыр звярнуў увагу прысутных на тое, як энтузіязм людзей змяняецца нянавісцю. «Падчас уваходу ў Ерузалем Езуса з энтузіязмам віталі натоўпы людзей, якія праз некалькі дзён патрабавалі Яго ўкрыжавання. Людзі аказаліся хамелеонамі, якія змяняюць колер сваёй скуры ў залежнасці ад сітуацыі», — заўважыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

«Энтузіязм гэтых людзей быў павярхоўным. Лёгка быць часткай натоўпу без асабістай адказнасці. Адзін раз натоўп вітаў Езуса, а другі — асуджаў, але не пайшоў разам з Ім пад крыж». Таму арцыпастыр заклікаў слухачоў зауседы памятаць пра сваю асабістую адказнасць у кожнай справе:
«У натоўпе быць вельмі проста, а вось выйсці за праўду і супрацьстаць натоўпу — гэта смеласць і сапраўдная адказасць».

Апостал Пётр перад арыштам Езуса казаў, што гатовы пайсці з Ім на смерць. Аднак праз некалькі гадзін ажно тры разы адрокся ад Яго. Як хутка ён змяніўся!? Калі яму нічога не пагражала, ён абяцаў вернасць Хрысту, але калі прыйшло выпрабаванне, ратаваў сваю скуру», — з моцай зазначыў прамоўца.
«А як мы паступаем падчас спакусаў і жыццёвых складанасцяў? Паддаёмся ім, як паддаўся Пётр, ці застаемся з Езусам, як засталіся жанчыны і апостал Ян, і згаджаемся несці крыж барацьбы з грахом і злом?», — запытаў прысутных іерарх.
«Пётр, калі пачуў спеў пеўня, зразумеў свой грэх і пакаяўся ў ім. А мы? Сучасны чалавек настолькі залежны ад граху, што не чуе, калі яго сумленне пяе пра яго грэх», — з жалем сцвердзіў арцыпастыр.

Прычынай цярпенняў Езуса былі не толькі габрэйскія лідэры і жорсткія рымскія жаўнеры, але таксама і грахі людзей. Аўтар Паслання да Габрэяў піша, што «Езус Хрыстус той самы учора, сёння і навекі» (Гбр 13, 8) і таму для Яго няма мінулага, сучаснасці і будучыні, бо Ён па-за часам.
«Таму калі мы грашым, то ўкрыжоўваем Езуса. Аповед пра Яго Муку заахвочвае нас ачысціцца ад граху, што мы можам учыніць праз сакрамэнт пакаяння як знак бязмежнай Божай міласэрнасці. Мука Езуса з’яўляецца крыніцай нашага духоўнага аздараўлення, бо Езусавымі ранамі мы збаўлены (пар. 1 П 2, 24).
Таму не будзем баяцца крыжа, бо крыж нясе тых, хто яго нясе»,
— заахвоціў іерарх.

Напрыканцы гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч заклікаў вернікаў, каб набажэнства Пальмовай нядзелі стала для іх нагодай даць адказ на пытанне, з якога боку барыкады змагання дабра са злом і ласкі з грахом яны знаходзяцца, і паспрыяла іх духоўнаму ачышчэнню.
«Недастаткова трымаць ў руках пальмы або вербы. Неабходна, каб у чалавечых сэрцах валадарыла Божая ласка як сімвал перамогі дабра над злом»,
— завяршыў сваё разважанне арцыпастыр.