Дзеці з парафіі ў Нарачы паўдзельнічалі ў акцыі «Скарбонка дабрыні» ад Caritas
- 11 сакавіка, 2026
- Catholicminsk.by
- Паводле Naracz.by
17 лютага Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі анансавала пачатак акцыі «Скарбонка дабрыні», адрасаванай дзецям катэхетычнага ўзросту. Да ўдзелу ў ёй заахвочваў таксама ў Пасланні на Вялікі пост Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Вялікі пост трымаецца на трох «фундаментах»: малітве, посце і міласціне.
Напачатку Вялікага посту дзеці ў парафіях рабілі свае персанальныя скарбонкі і ў першыя тры тыдні збіралі туды свае невялікія ахвяраванні — грошы, зэканомленыя на прысмаках, ці сімвалічны заробак на добрую справу. Акцыя завяршалася ў 3-ю Нядзелю Вялікага посту, якая ў Касцёле ў Беларусі з’яўляецца Нядзеляй Caritas.
Усе сабраныя сродкі будуць накіраваны на падтрымку Дзіцячага дабрачыннага сацыяльна-рэабілітацыйнага цэнтра святога Лукі ў вёсцы Ляскоўка Мінскага раёна.
Так, у парафіі святога Андрэя апостала ў Нарачы на працягу першых трох тыдняў Вялікага посту дзеці збіралі ў свае скарбонкі невялікія ахвяраванні, каб дапамагчы сваім аднагодкам, якія праходзяць рэабілітацыю ў Дзіцячым цэнтры «Карытас».
Іх «міластыня» — гэта не проста грошы, а знак іх вялікага сэрца, які можа складацца з асабістай ахвяры (напрыклад, адмовы ад прысмакаў) ці заробку за добры ўчынак.
Нагадаем, што Цэнтр святога Лукі працуе з 2003 года і з’яўляецца сапраўдным прытулкам для сем’яў, чые дзеці праходзяць складанае лячэнне ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах. У ім можа бязвыплатна размясціцца да 19 сем’яў. Тут праходзяць рэабілітацыю дзеці з розных куткоў Беларусі. Кожная сям’я атрымлівае асобны ўтульны пакой, а ежу можна гатаваць на агульнай кухні. Тэрыторыя цэнтра спрыяе аднаўленню здароўя. Тут ёсць сэнсарны і гульнявы пакоі, вялікая дзіцячая пляцоўка. Побач знаходзіцца лес, дзе можна гуляць на свежым паветры. Супрацоўнікі Caritas імкнуцца стварыць хатнюю атмасферу, забяспечваючы не толькі матэрыяльную і псіхалагічную, але і духоўную падтрымку, што так важна ў час цяжкіх выпрабаванняў.


