Skip to main content

Думкі аб ініцыятыве “Дар сэрца” (Частка 1): Бог чакае ад нас больш канкрэтных дзеянняў

  • 29 красавіка, 2024
  • Тэкст і фота: кс. Андрэй Кеўліч, Mohylev-katolik.by

Акцыя “Дар сэрца для Касцёла на Магілёўшчыне” толькі распачалася, але ўжо ёсць першыя водгукі аб гэтай незвычайнай пастырскай ініцыятыве ў нашай архідыяцэзіі.

Прапануем Вашай увазе першыя некалькі меркаванняў вернікаў архідыяцэзіі аб тым, наколькі з’яўляецца своечасовай дадзеная ініцыятыва і ці ёсць увогуле патрэба дапамогі парафіям на Магілёўшчыне.

Галіна Кажарновіч, парафія Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы:

“Так здарылася, што многія святары, якія зараз служаць на Магілёўшчыне, некалі служылі Пану Богу і вернікам Вілейкі. Аб складанасцях душпастырскай працы ў парафіях ва ўсходняй частцы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі я ведала “з першых вуснаў”. У інтэнцыі “Аб адраджэнні веры Каталіцкага Касцёла на магілёўскай зямлі” малюся ўжо некалькі гадоў. Ведаю, што многія парафіяне з нашага касцёла таксама моляцца ў гэтай інтэнцыі. Ведаючы багатую гісторыю Магілёўскай Мітраполіі, якой споўнілася 240 год, унутрана перажываю за  рэчаіснасць, у якой аказалася зараз Магілёўшчына… І калі я пачула з вуснаў ксяндза-каноніка Аляксандра Барылы аб ініцыятыве Арцыбіскупа-Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юзафа Станеўскага “Дар сэрца для Касцёла на Магілёўшчыне”, першай маёй думкай было тое, што Пан Бог такім чынам адказвае на нашыя малітвы. Ён чакае ад нас больш канкрэтных дзеянняў”.

Марыя Новікава, арганістка парафіі св. Сымона і св. Алены ў Мінску:

“Я лічу, што гэтая ініцыятыва вельмі надзённая і, спадзяюся, яна дапаможа вырашыць хоць частку праблем. Без дадатковых сродкаў зараз увогуле немагчыма існаваць. Я бываю ў парафіях магілёўскай часткі архідыяцэзіі і бачу, што актыўнасць мясцовых людзей невысокая толькі на першы погляд, і гэта хутчэй наступства існуючай праблемы недахопу сродкаў. Людзі, бачачы бясконцы “фронт” работ, пачынаюць думаць: гэта непад’ёмна, таму і спрабаваць не будзем. І вельмі важна, каб маленькія парафіі бачылі, што яны не адрэзаны ад свету і не адкінуты ўбок, а з’яўляюцца часткай агульнабеларускага каталіцкага асяроддзя, і што яны таксама здольныя арганізаваць цікавыя і змястоўныя мерапрыемствы”.

З другога боку, ёсць важны аспект – праяўленне ўзаемадапамогі. Гэта фактычна духоўны абавязак чалавека, які лічыць сябе хрысціянінам – дапамагчы свайму брату-хрысціяніну ў цяжкую хвіліну, у тым ліку і “капейкай”. Людзі – жывыя істоты, якія маюць патрэбу не толькі ў малітве… А калі ўжо шчыра: ці так часта мы молімся за магілёўскі край? Дык давайце ж хаця б праявім мінімальную актыўнасць у “матэрыяльнай сферы”.

Бывае, што святары не надта хочуць звяртацца да сваіх парафіян з пытаннем фінансавай дапамогі камусьці. Але я як верніца прашу: дайце нам шанс праявіць здольнасць міласэрнасці. Зварот па дапамогу выклікае ўва мне не пратэст, а адчуванне маёй уласнай далучанасці да вартай справы, якая да таго ж збірае мне “плюсы” ў “анкету” пра маё ўласнае збаўленне.

Запрашаю таксама вернікаў і ўсіх людзей добрай волі не саромецца, асабліва тады, калі наш “унёсак” здаецца нязначным. Мора пачынаецца з кроплі”.

Таццяна Ракузава, парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі у Мсціславе:

“Усёй нашай парафіяльнай супольнасцю, паводле нашых магчымасцяў, далучаемся да ініцыятывы “Дар сэрца”.  Дадзеная акцыя вельмі дарэчная, асабліва ва ўсходніх рэгіёнах нашай краіны, дзе парафіі колькасна малыя, а іх праблемы – вялікія. Разам мы – сіла, і духу, і волі, а паасобку – нішто. Гэтая ініцыятыва дазволіць нават з малых капеечак сабраць сродкі для канкрэтнай дапамогі, для вырашэння такіх праблем, ліквідацыя якіх упіраецца ў фінансы. Калі ж мы аб’яднаемся, і кожны з нас унясе хоць невялікую суму ў агульны бюджэт, тады гэтая дапамога будзе для кагосьці значная.

Нехта можа падумаць, што гэтая ініцыятыва нікому не патрэбная. Аднак, на самой справе, яна патрэбная кожнаму з нас. Калі мы сёння дапаможам, тады заўтра дапамогуць нам. А дапамога парафіям на Магілёўшчыне вельмі патрэбная перш за ўсё тым, якія адчуваюць востры недахоп сродкаў для існавання. Таму гэтую акцыю лічу актуальнай. Мы будзем удзельнічаць у ёй усёй сям’ёй. А калі ў будучыні будзе абвешчана падобная акцыя для Касцёла ў іншых абласцях нашай краіны, мы таксама будзем у ёй удзельнічаць, бо Каталіцкаму Касцёлу ў Беларусі патрэбнае развіццё, нягледзячы на нялёгкія умовы. Мяркую, што гэта можа адбыцца толькі пры ўмове нашага аб’яднання і дапамогі адзін аднаму малітвай, грашовымі сродкамі, а нават добрым словам”.

Алена Мінчанка, парафія Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Маці Касцёла, у Чавусах:

“На Магілёўшчыне парафіі невялікія, католікаў няшмат. Касцёлы і капліцы пабудаваныя прыгожа, але іх трэба даводзіць, як кажуць, да ладу, як, напрыклад, наш касцёл у Чавусах. Канешне, ёсць сэнс стварыць свайго тыпу капілку, каб можна было неяк прынамсі па чарзе прыводзіць у парадак тое, што з’яўляецца ўласнасцю Касцёла. Самі мы тут, на Магілёўшчыне, не зможам вырашыць пытанне дапамогі адзін аднаму”…

Працяг будзе.