Skip to main content

Дэлегацыя Касцёла ў Беларусі: «Малітоўны» дзень перад пахаваннем Папы Францішка

25 красавіка
  • 25 красавіка, 2025
  • Тэкст: Кс. Павел Эйсмант / Фота: Кс. канонік Юрый Ясевіч // Catholicminsk.by

Афіцыйныя прадстаўнікі Касцёла ў Беларусі дзень перад пахаваннем Папы Францішка прысвяцілі малітве.

25 красавіка беларуская дэлегацыя духоўных асобаў, у якую, нагадаем, уваходзяць арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, і ксёндз канонік Юрый Ясевіч, сакратар Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, прысвяціла сёлетнюю пятніцу ў актаве Вялікадня, каб асабіста «прывітацца» з Папам і памаліцца за яго.

Від на Базыліку Святога Пятра ззаду
Запячатаныя папскія апартаменты ў Ватыкане

Спачатку прадстаўнікам з Беларусі трэба было адстаяць вялікую чаргу, каб дайсці да труны спачылага пераемніка святога Пятра, якая знаходзілася ў Базыліцы Святога Пятра ў Ватыкане. Урэшце для кожнага з дэлегатаў наступіў момант чарговай і апошняй на гэтай зямлі «сустрэчы» з Папам: духоўнай — праз малітву ў таямніцы еднасці святых, і фізічнай — праз прысутнасць каля яго цела.

Каля труны Папы Францішка

Адышоўшы ад труны спачылага Папы крыху далей, іерархі і святар памаліліся за яго пры саркафагах духоўна блізкіх для беларусаў святых: Яна Паўла ІІ і Язафата Кунцэвіча, — зямныя астанкі якіх спачываюць у ватыканскай базыліцы. Затым разам з біскупам Гуалцьера Сігізмондзі, які працуе ў Ватыкане, беларускія духоўныя асобы там жа, у Базыліцы Святога Пятра, якая з’яўляецца найвялікшай па памерах святыняй ў свеце, цэлебравалі святую Імшу аб жыцці вечным для Папы Францішка.

Каля магілы святога Яна Паўла ІІ
Магіла святога Язафата Кунцэвіча
Разам з біскупам Гуалцьера Сігізмондзі падчас Святой Імшы