Да сустрэчы, Тата!
- 28 чэрвеня, 2024
- Тэкст: кс. Ян Крэміс, фота: сямейны архіў
27 чэрвеня ў парафіяльным касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Удзеле (Глыбоцкі дэканат, Віцебская дыяцэзія) адбылася пахавальная святая Імша за святой памяці Віктара Раманчука, тату ксяндза грэміяльнага каноніка Аляксея Раманчука, пробашча парафіі Спаслання Духа Святога ў Барысаве, намесніка дырэктара Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля, адказнага за фармацыю семінарыстаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Цэлебрацыю Эўхарыстыі з удзелам Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага і шмтлікіх святароў з розных дыяцэзій, аднакурснікаў, законных сясцёр і братоў, мясцовых вернікаў і гасцей узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які адзначыў, што прысутнасць тут кожнага з’яўляецца знакам салідарнасці ў гэты асаблівы дзень.
Гамілію прамовіў біскуп Юрый Касабуцкі, які прыгадаў постаць памерлага Віктара, якога сваякі і суседзі ведалі, як Вікенція. Клапатлівы бацька і муж, старанны вернік мясцовай парафіі, руплівы, сумленны, добры чалавек, якога ведалі і шанавалі многія. Калі ў 1989 годзе дзяржаўныя ўлады вярнулі да культавага ўжытку знішчаны парафіяльны касцёл, разам з іншымі вернікамі ён прыклаў шмат сілаў для яго адбудовы пад кіраўніцтвам кс. прэлата Юзафа Булькі. Біскуп таксама выказаў словы спачування жонцы Уладыславе, дзвюм сёстрам Галіне і Ніне з іх сем’ямі і ксяндзу Аляксею.
Напрыканцы літургіі ксёндз Аляксей ад усёй сям’і падзякаваў прысутным за малітву і тым, хто даслаў словы спачування. Прыгадаў адну гісторыю з дзяцінства, калі з татам ездзілі да споведзі ў касцёл ў Глыбокае, а таксама засведчыў, што адчувае ўнутраны супакой, паколькі тата перад адыходам да Нябеснага Айца прыступіў да споведзі, атрымаў сакрамэнт намашчэння і Віятык, а падчас жыцця быў вялікім шанавальнікам Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Маці Божай Нястомнай дапамогі, ва ўспамін якой – сёння, адбываецца яго пахаванне. Закончыў сваю прамому сын святар: “Да сустрэчы, Тата!”
Затым адбыліся абрады пахавання, спачатку ў касцёле, а затым на могілках у вёсцы Лазічы, якія ўзначаліў біскуп Юрый ў прысутнасці біскупа Алега.
Вечны адпачынак, дай яму Пане…