Час надзеі. Па старонках снежаньскага нумара часопіса «Ave Maria»
- 15 студзеня, 2026
- Тэкст: Ганна Шаўчэнка / Фота: ave-maria.by // Паводле
- ave-maria.by
Cа зместам апошняга нумара ў Юбілейным годзе знаёміць Ганна Шаўчэнка.
Рэдкае снежаньскае сонца, што неўзабаве раскінула свае прамяні на светлы будынак касцёла і адначасова атуліла сабою ссумаванае цёмнае голле дрэваў, нібы нагадвае сэрцу пра ажыўленую надзею… Такія ўражанні выклікае прыгожая вокладка чарговага нумара часопіса «Ave Maria», у якім працягваецца гутарка пра гэтую важную тэалагальную цноту ў кантэксце завяршэння Юбілейнага года пад дэвізам «Пілігрымы надзеі».
Ужо традыцыйна часопіс распачынаецца катэхезаю Святога Айца Льва XIV з Генеральнай аўдыенцыі, а менавіта з цыклу «Езус Хрыстус — наша надзея». На гэты раз Папа прысвяціў сваё разважанне братэрству ў сучасным свеце, якое «вызваляе ад негатыўнай логікі эгаізму, падзелаў, гвалту і вяртае нас да нашага першапачатковага паклікання ў імя любові і надзеі».
Ксёндз Андрэй Рылка ў артыкуле «Пінская дыяцэзія адзначыла стогадовы юбілей» распавядае пра гістарычныя перыпетыі, праз якія прайшла гэтая дыяцэзія, перш чым набыла сучасныя тэрытарыяльныя абрысы, а таксама апісвае асноўныя падзеі ў рамках святкавання векавога юбілею Касцёла на Піншчыне, у тым ліку пра візіт кардынала Клаўдыё Гуджэроцці і пасвячэнне новазбудаванага касцёла Божай Міласэрнасці ў Баранавічах.
«Час надзеі і святочныя зычэнні» — так называецца разважанне айца Юрыя Кулая OCD, у якім ён дзеліцца сваімі думкамі пра перажыванне перадсвяточнага часу і засяроджвае ўвагу чытачоў на паняццях зямной надзеі, якая звязаная з будучыняй, і хрысціянскай надзеі, якая датычыць цяперашняга моманту.
Чытачоў чакае таксама шмат іншых цікавых публікацый, якія дапамогуць стварыць у душы святочны настрой у дні Божага Нараджэння, глыбокія інтэрв’ю і натхняльныя сведчанні, артыкулы ў пастаянных рубрыках «Старонка псіхолага», «На кніжнай паліцы», а таксама каляндар на 2026 год. На апошніх старонках вокладкі змешчаны разважанні на трэці дзень (03.01.2026) навэнны «Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!».
- у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
- у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.