Skip to main content

Будслаўская базыліка прызначана першай у Беларусі Юбілейнай святыняй 2025 Святога года

6 ліпеня
  • 8 ліпеня, 2024
  • Тэкст: Catholic.by, фота з адкрытых крыніц

Дэкрэт аб прызначанні меншай базылікі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе Юбілейнай святыняй 2025 святога года абвясціў 6 ліпеня падчас сёлетняга Будслаўскага фэсту арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі.

Іерарх зачытаў дакумент аб гэтым прызначэнні на заканчэнне святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч разам з усімі каталіцкімі біскупамі Беларусі.

«У сувязі з абвяшчэннем у Каталіцкім Касцёле Юбілею Святога 2025 года, які будзе праходзіць з 24 снежня 2024 года да 6 студзеня 2026 года, згодна з рэкамендацыямі Папы Францішка, прадстаўленымі ў буле Spes non confundit («Надзея не расчаруе») ад 9 мая 2024 года, прызначаю Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе Юбілейнай святыняй Юбілею Святога 2025 года.

Урачыстае адкрыццё дзвярэй Юбілейнай святыні адбудзецца 31 снежня перад святой Імшой сустрэчы Новага, 2025 года ад Нараджэння Пана. Закрыццё дзвярэй Юбілейнай святыні адбудзецца на заканчэнне Года ласкі ад Пана 1 студзеня 2026 года.

Ва ўзгаданы перыяд — з 31 снежня 2024 года да 1 студзеня 2026 года — кожны вернік, які наведае гэтую Юбілейную святыню, можа атрымаць поўны адпуст на звычайных умовах», — сказана ў Дэкрэце, падпісаным 2 ліпеня арцыбіскупам Юзафам Станеўскім, які на заканчэнне дакумента ад усяго сэрца благаслаўляе на перажыванне часу ласкі ад Пана.