Брат Сяргей Гусар з манаскай супольнасці капуцынаў прыняў у Маладзечне святарскае пасвячэнне
- 28 красавіка, 2025
- Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота: Эрык Савянок // Catholicminsk.by

У суботу 26 красавіка ў касцёле святога Піо парафіі святога Казіміра ў Маладзечне, дзе нясуць служэнне Меншыя Браты Капуцыны, сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату прыняў брат Сяргей Гусар OFMCap.
Удзяліў пасвячэннне арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Падтрымаць брата дыякана Сяргея малітвай і падзякаваць Богу за яго пакліканне на ўрачыстасць прыехалі капуцыны з усёй Беларусі і з-за мяжы — з Італіі і Польшчы, а таксама сябры, блізкія, родныя і парафіяне.
На пачатку ўрачыстасці брат Алег Шэнда OFMCap, кусташ Кустодыі Беларусі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў, прывітаўшы прысутных, звярнуў увагу на тое, што менш чым за тыдзень адбыліся важныя для Каталіцкага Касцёла падзеі — адыход у вечнасць Папы Францішка, што стала нечаканасцю для многіх, пахаванне Пантыфіка, якое адбывалася ў Ватыкане ў момант пасвячэння брата Сяргея, урэшце падрыхтоўка да выбару новага Папы. Кусташ пажадаў брату Сяргею, каб ніякая жыццёвая нечаканасць не згасіла ў ім запал да служэння Богу і Касцёлу.

Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў арцыбіскуп Кандрусевіч. Ганаровы іерарх, прывітаўшы прысутных духоўных, манаскіх асоб і вернікаў на некалькіх мовах, памаліўся за спачылага Папу Францішка кароткай малітвай. Затым ён накрэсліў літургічны кантэкст урачыстасці святарскага пасвячэння — субота ў Актаве Пасхі і вігілія нядзелі Божай Міласэрнасці. Кажучы пра святарскае пасвячэнне, арцыпастыр зазначыў, што гэта яшчэ адзін знак Божай міласэрнасці ў час секулярызму, маральнага рэлятывізму і духоўнай абыякавасці.
«У такой сітуацыі, як паветра, патрэбны тыя, хто будуць з моцаю навучаць людзей праўдам веры, праз цэлебрацыю сакрамэнтаў асвячаць іх і ў служэнні ім кіраваць імі. Гэта азначае, што патрэбныя святары, без якіх, як навучае Папа Бэнэдыкт XVI, Касцёл не зможа выканаць місію сакрамэнту паўсюднага збаўлення»,
— пераконваў прысутных іерарх.
Брат Сяргей з’яўляецца законнікам капуцынам і таму, паводле арцыпастыра, будзе ўносіць у сваё святарскае служэнне дух святога Францішка і харызму свайго манаскага ордэна.
У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч засяродзіўся над словамі рэспансарыйнага псальма з Літургіі слова падчас пасвячэння: «Пан — пастыр мой, ні ў чым не буду мець нястачы» (Пс 23, 1). Ён падкрэсліў, што ў Евангеллі Езус называе сябе Добрым Пастырам, які аддае сваё жыццё за давераных яму авечак (пар. Ян 10, 11). Святар клапоціцца пра духоўны стан давераных яго пастырскай апецы вернікаў, якія маюць права на яго духоўную апеку.
У літургіі пасвячэння ёсць заклік да кандыдата «выйсці» наперад і перад біскупам і Божым народам узяць на сябе асабістыя святарскія абавязацельствы. Гэта, паводле арцыпастыра, не што іншае, як прадстаўленне самога кандыдата, якога Маці-Касцёл кліча да спецыяльнай місіі быць Alter Christus — Другім Хрыстом.
«Тут трэба падкрэсліць, што не сам кандыдат, а Касцёл прызнае тое, што яго пакліканне паходзіць ад Хрыста. А допуск пакліканнага да святарства адбываецца як пры ўдзеле адказных за гэта з боку семінарыі і манаскага ордэна, так і Божага народа. І гэта лагічна, бо святар з людзей ўзяты і для людзей прызначаны ў справах Божых (пар. Гбр 5, 6)»,
— звярнуў увагу іерарх.

Далей арцыбіскуп Тадэвуш працягнуў разважанне пра святарства ў кантэксце сям’і і супольнасці, з якой выйшаў кандыдат да пасвячэння. Пры гэтым ён асабліва падкрэсліў, што брат Сяргей не быў прызначаны супольнасцю і не здзейсніў самапрызначэння ў святары, але яго паклікаў да служэння сам Хрыстус.
Святар падчас служэння атаясамліваецца з Хрыстом, абвяшчаючы не сваё вучэнне, але Евангелле Хрыста. Святар — гэта пастыр і настаўнік. Ён пакліканы абвяшчаць Добрую Навіну не толькі словам, але таксама прыкладам свайго жыцця. Арцыпастыр зазначыў, што, каб быць годным даверу прапаведнікам праўды, святар павінен быць годным даверу сведкам праўды. Святарскае служэнне прадугледжвае ўдзел у Ахвяры Хрыста, без якой прапаведаванне святара будзе толькі праекцыяй яго самога, а не абвяшчэннем Добрай Навіны. Урэшце, святар павінен быць для людзей слугой, а не валадаром.
Арцыбіскуп Кандрусевіч папярэдзіў кандыдата, што сёння святарскае служэнне — гэта выклік, бо, становячыся святаром, брат Сяргей павінен будзе супрацьстаяць «духу гэтага свету». Таму неадкладным элементам яго святарскага жыцця павінна быць малітва. Іерарх выказаў перакананне, што, нягледзячы на шматлікія справы, якія чакаюць святара ў будучыні: будаўніцтва, рамонты, арганізацыя канцэртаў, спартыўных і іншых мерапрыемстваў, яму заўсёды трэба знайсці час на камунікацыю з Тым, хто яго паклікаў.
«Святарскае служэнне будзе пустым, калі яно не будзе грунтавацца на малітве. Толькі жыццё ў малітве і ўгрунтаванні ў даверанай святару місіі, можа кінуць выклік секулярнаму свету, у якім пустэча і мітусня перашкаджаюць людзям знайсці сэнс свайго існавання. Без малітвы святар будзе прапанаваць свету Касцёл як чыста чалавечую ўстанову, як нейкі “камбінат духоўных паслуг”»,
— звярнуў увагу арцыпастыр.

Арцыбіскуп Кандрусевіч заклікаў кандыдата яшчэ лепш пазнаваць Хрыста праз чытанне Святога Пісання, наследуючы Яго асабліва ў вымярэнні любові да тых, каго ён сустрэне, будучы увасабленнем любячага і міласэрнага Айца, які не стамляецца любіць і прабачаць; па прыкладу святога Францішка Асізскага схіляцца над беднымі і патрабуючымі і несці ім духоўную і матэрыяльную дапамогу; абвяшчаючы Евангелле, жыць згодна з хрысціянскімі маральнымі прынцыпамі і бараніць іх у час, калі разбураецца ўстаноўлены Богам этычны парадак; верна і пабожна цэлебраваць Эўхарыстыю і іншыя сакрамэнты згодна з устаноўленымі Касцёлам нормамі.
Напрыканцы ганаровы іерарх звярнуў увагу на прозвішча брата Сяргея — Гусар, — якое азначае «кавалерыйскі ваяр».
«Будзь ваяром у справе пабудовы Божага Валадарства, абароны традыцыйных духоўных каштоўнасцей і абвяшчэння Евангелля… Будзь Gaudium et spes — “Радасцю і надзеяй” Касцёла ў Беларусі і ордэна капуцынаў на хвалу Бога і дзеля збаўлення людзей»,
— з хваляваннем у голасе пажадаў арцыпастыр, завяршаючы гамілію.
Далей, згодна з літургічнымі прадпісаннямі, арцыбіскуп Кандрусевіч задаў кандыдату пытанні, у адказе на якія гучала абяцанне быць паслухмяным дыяцэзіяльнаму біскупу і свайму найвышэйшаму настаяцелю і жыць у цэлібаце.

Пасля гэтага разам з кандыдатам, які ўпаў на твар, прысутныя праспявалі Літанію да Усіх Святых. У літанійную малітву былі ўключаны імёны святых і благаслаўлёных, якія духоўна належаць да францішканскай сям’і.

Затым наступіў галоўны момант цэлебрацыі — ускладанне рук біскупа і малітва пасвячэння — матэрыя і форма сакрамэнту пасвячэння. У гэты момант дыякан Сяргей Гусар стаў святаром.
«Вось новы святар!»
— усклікнуў арцыпастыр.

Наступілі далейшыя абрады: апрананне новапрэзбітэру арната адным са святароў, намачэнне рук новапасвечанага святара, уручэнне дароў хлеба і віна для здзяйснення Эўхарыстыі, знак супакою, які ўслед за арцыбіскупам пераказалі брату Сяргею ўсе прысутныя святары.




Перад благаслаўленнем брат святар Сяргей Гусар прамовіў словы падзякі ганароваму іерарху за ўдзелены сакрамэнт святарскага пасвячэння, кусташу брату Алегу Шэндзе за давер і малітву, прысутным субратам, святарам, манаскім асобам, парафіянам і гасцям за прысутнасць і малітоўную супольнасць. Асаблівыя словы падзякі новапрэзбітэр скіраваў да сваіх бацькоў, дзякуючы ім за дар жыцця і няспынную малітоўную падтрымку.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ад свайго імя выказаў падзяку бацькам новапасвячанага святара за хрысціянскае выхаванне сына, за іх любоў і клопат пра развіццё паклікання да манаскага і святарскага служэння.
Пасля благаслаўлення факт прысутнасці арцыпастыра і святароў разам з новапрэзбітэрам быў захаваны на памятным супольным фотаздымку.
