Skip to main content

Біскуп Яшэўскі падчас Пасхальнай Вігіліі: Усхвалім радасным спевам «Аллелюя» Уваскрослага, які ўчыніў такія вялікія цуды

19 красавіка
  • 24 красавіка, 2025
  • Тэкст: Дар’я Семянько, фота: Максім Сухавараў // Catholicminsk.by

У Вялікую суботу, якая сёлета прыпала на 19 красавіка, святую Пасхальную Вігілію у парафіі святога Антонія Падуанскага ў Магілёве, дзя служаць айцы кларэтыны, узначаліў адказны за Магілёўскі рэгіён, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Разам з іерархам Пасхальную Вігілію служылі душпастыры парафіі: айцец пробашч Ежы Вежховскі CMF і айцец вікарый Віталій Чабатар CMF.

Распачалася літургія каля святыні з запальвання вогнішча і яго асвячэння. Затым біскуп Яшэўскі здзейсніў абрад прыгатавання пасхалу і запаліў яго ад вялікага вогнішча.

Як і ў сотнях касцёлах па ўсёй краіне, вернікі ў працэсіі зайшлі ў святыню, запальваючы свечкі ад вялікага пасхалу і ад свечах адзін аднаго.

Пасля Літургіі слова біскуп Аляксандр Яшэўскі напачатку гаміліі нагадаў прысутным вернікам прачытаны ўрывак з Евангелля:

«Тры жанчыны першымі атрымалі і прынеслі добрую навіну, што наш Збаўца Хрыстус, укрыжаваны ў пятніцу і пакладзены ў магілу, уваскрос з мёртвых у нядзелю раніцай сваёй сілай. Гэтая вестка ўразіла габрэяў, якія да таго часу трыўмфавалі, як раптоўны і нечаканы ўдар маланкі; а сэрцы паслядоўнікаў Хрыста, спустошаныя смерцю Збаўцы, ажылі і напоўніліся невыказнай радасцю».

Іерарх прапанаваў прысутным вернікам паразважаць, што б было, калі б Збаўца, укрыжаваны і пакладзены ў магілу, рассыпаўся ў прах, як кожны звычайны чалавек:

«Што б у такім выпадку зрабілі яго ворагі габрэі? Радаваліся, трыумфавалі, кажучы: “Ён быў ашуканец, які хлусіў людзям! Пры жыцці ён хваліўся, бо неаднаразова абвяшчаў, што ўваскрэсне з мёртвых, а цяпер хвала яго ні да чаго. Даверлівыя паслядоўнікі паверылі словам гэтага ашуканца і ашуквалі сябе марнай надзеяй, але мы пазналі яго, мы ўбачылі, што ён наўмысна ашукваў людзей, і таму справядліва пакаралі яго смерцю».

Адваротная рэакцыя, на думку біскупа, была б у паслядоўнікаў Езуса:

«Жахлівае наша расчараванне, — сказалі б яны! — Мы думалі, што ён сапраўдны Месія, што ён Сын Божы, бо часта так сябе называў, але наша чаканне развеялася! З яго пахаваннем былі пахаваны і нашы надзеі і мары! Ён падмануў нас, таму яго вучэнне ілжывае, наша вера марная, пропаведзь Евангелля марная”. Такія сумныя наступствы былі б, калі б Езус не ўваскрос з мёртвых».

Але ж, падкрэсліў іерарх, сваім уваскрэсеннем Езус прадэманстраваў і пераканаўча і непахісна даказаў, што Ён усемагутны, што Ён Бог, што вучэнне, якое Ён прапаведаваў, — гэта вучэнне Божае, дакладнае і беспамылковае. Таксама ёсць яшчэ адна вялікая і важная прычына для радаснага святкавання Уваскрэсення Пана:

«Згодна з апостальскім навучаннем, Уваскрасенне Пана з’яўляецца гарантыяй і запэўніваннем, што ўсе мы, пасечаныя касой смерці, пакладзеныя ў магілу і пераўтвораныя ў прах, не застанемся вечна ў праху, але ўсемагутнасцю Божай уваскрэснем да новага жыцця».

Напрыканцы свайго казання біскуп Аляксандр Яшэўскі заклікаў вернікаў усцешыцца ў гэтую святую ноч, усхваліць радасным спевам «Аллелюя» Уваскрэслага, які ўчыніў такія вялікія цуды.