Skip to main content

Біскуп Касабуцкі падчас сустрэчы касцёльных рухаў і супольнасцяў Беларусі ў Будславе: Наша надзея — гэта давер Богу

1 мая
  • 3 мая, 2025
  • Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота: Ганна Мацко // Catholicminsk.by

Ужо на працягу некалькіх гадоў 1 мая для ўдзельнікаў розных касцёльных рухаў і супольнасцяў з’яўляецца асаблівай датай. У выходны дзень, калі многія выбіраюць адпачынак на прыродзе, сустрэчу пры шашлыках, працу на дачы ці ў вёсцы, больш за 300 вернікаў — прадстаўнікоў больш за 20-і рухаў і супольнасцяў пераважна з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — адправілася ў Нацыянальны марыйны санктуарый у Будславе, каб перад цудадзейным абразом Найсвяцейшай Панны Марыі даверыць Богу свае малітоўныя інтэнцыі.

Узначаліў сустрэчу Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Разам з ім у сустрэчы ўдзельнічалі святары, шмат з якіх з’яўляюцца мадэратарамі ці духоўнымі кіраўнікамі касцёльных рухаў і супольнасцяў. Да супольнай малітвы далучыліся таксама святары з суседняй Віцебскай дыяцэзіі. Святары кармэліты, якія служаць у Мядзельскім дэканаце, разам з іншымі сабратамі ў святарстве служылі вернікам у сакрамэнце пакаяння.

Сустрэча распачалася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой праз заступніцтва Маці Божай Будслаўскай прысутныя, молячыся ружанцовымі таямніцамі і спяваючы Ларэтанскую літанію, з верай і надзеяй аддавалі Богу сябе, свае сем’і, сяброў, знаёмых, памятаючы пра інтэнцыю аб жыцці вечным для спачылага Папы Францішка і святле Духа Святога для кардыналаў падчас канклава.

Чарговым і цэнтральным пунктам сустрэчы была святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі. Прывітаўшы прысутных, ён аб’явіў, што цэлебруе Эўхарыстыю за ўсіх актыўных вернікаў, якія належаць да каталіцкіх рухаў і супольнасцяў, а таксама за тых, хто ў маі адзначае свой дзень народзінаў, імяніны, гадавіну або юбілей. Такім, напрыклад, аказаўся міністрант і скаўт Андрэй з Мінска, якому ў гэты дзень споўнілася 14 гадоў. Падчас святой Імшы хлопец трымаў мітру і пастарал біскупа Юрыя.

У спеве вернікам дапамагаў парафіяльны хор з Маладзечна.

Падчас прамоўленай гаміліі іерарх спачатку звярнуўся да пачаткаў арганізацыі падобных сустрэч. Як было адзначана, усё пачалося ад руху «Хатні Касцёл», калі адзін з яго ўдзельнікаў, спадар Аляксей з архікатэдральнай парафіі ў Мінску, запрасіў на сустрэчу біскупа Касабуцкага. Гэта дало новы імпульс сустрэчам, якія аб’ядналі прадстаўнікоў шматлікіх касцёльных рухаў у духоўным сэрцы Беларусі.

Затым пастыр Касцёла нагадаў прысутным значэнне юбілейнага 2025 года, які перажываецца ў Касцёле. У Старым Запавеце чытаем, што паводле загаду Бога кожны 25-ы год павінен быў адзначацца як юбілейны. Гэта не азначала, што кожны дзень ізраэльцяне ладзілі балі. У юбілейным годзе Бог абавязваў свой народ прабачыць даўгі, вызваліць вязняў і нявольнікаў, аказаць міласэрнасць патрабуючым: прыняць бяздомнага пад свой дах, накарміць хлебам, апрануць і сагрэць. Гэтую старазапаветную традыцыю пераняло хрысціянства. Сёння, прыбываючы ў будслаўскі касцёл, які з’яўляецца юбілейнай адпустовай святыняй, можна пры выкананні акрэсленых умоваў атрымаць адпуст, які з’яўляецца вялікім дарам Хрыста і Касцёла для кожнага веруючага.

Далей біскуп Касабуцкі засяродзіўся над значэннем дэвізу юбілейнага года: «Пілігрымы надзеі». Першае слова гэтага дэвізу — «пілігрымы», гэта значыць, тыя, якія ідуць у пілігрымцы.

«Пілігрымка — гэта не проста падарожжа, а падарожжа ў імя Божае”. Усё жыццё веруючага чалавека з’яўляецца пілігрымкай, бо ён крочыць да Божага Валадарства»,

— адзначыў іерарх.

Другое слова — «надзея». Яна з’яўляецца адной з галоўных хрысціянскіх цнотаў. Надзея выплывае з веры ва Уваскрасенне Хрыста, а радасны заклік «Хрыстус уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!» — гэта не проста словы велікоднага прывітання, але пераказ евангельскай праўды аб перамозе Хрыста над грахом і смерцю. Гэтая перамога дае кожнаму, хто паверыў у Хрыста, надзею на вечнае збаўленне.

Звяртаючыся да прадстаўнікоў касцёльных рухаў і малітоўных супольнасцяў, іерарх асабліва падкрэсліў іх надзею на тое, што малітвы, якія яны дасылаюць Богу, будуць Ім выслуханы. «Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх» (Мц 18, 20), — сказаў Езус. Як важна падчас малітвы адчуваць блізкасць Бога, што Ён знаходзіцца побач, прысутнічае ў малітоўнай супольнасці, падтрымліваючы кожнага ў здзяйсненні добрых справаў.

«Наша надзея — гэта давер Богу»,

— падкрэсліў біскуп.

У гэтым кантэксце пастыр Касцёла аднёс тэрмін надзея да кожнага з прысутных у святыні ўдзельнікаў касцёльнага руху ці супольнасці: «Вы — надзея Касцёла». Касцёл — гэта супольнасць супольнасцей, таму што ён складаецца з людзей, якія маюць розныя харызмы і пакліканні. Таму кожны з існуючых касцёльных рухаў з’яўляецца неад’емнай часткай Касцёла і ўносіць у яго багацце дароў, атрыманых ад Бога. У гэты момант іерарх выказаў перасцярогу перад грахом пыхі ўсім тым, хто думае, што рух, да якога ён належыць, найлепшы ў Касцёле. «Усе рухі роўныя паміж сабой і аднолькава пакліканыя Богам да нясення Добрай Навіны і духоўнай дапамогі іншым», — упэўнена прамовіў пастыр Касцёла.

Біскуп Юрый Касабуцкі падзякаваў удзельнікам рухаў і супольнасцяў за тое, што яны не затрымліваюць Божыя дары для сябе, але дзеляцца імі з бліжнімі. Ён параіў прысутным падчас абеду пазнаёміцца з тымі, каго яны яшчэ не ведаюць, каб пашыралася не толькі малітоўная, але і чалавечая супольнасць. Іерарх пажадаў усім Божых дароў, якія ў будучыні прынясуць адпаведныя плады, і непахіснай надзеі, што гэта здзейсніцца дзякуючы Уваскрасенню Хрыста.

Напрыканцы святой Імшы пробашч парафіі і кусташ Нацыянальнага санктуарыя ксёндз Дзмітрый Дубовік запрасіў усіх прысутных на пасілак і гарачую каву.

Пасля святой Імшы наступіў час абеду і новых знаёмстваў.

Усхваляваным вернікам, якія баяліся, што не паспеюць з’есці абед, атрымалася ўкласціся ў адведзены час — і вось яны ўжо ў святыні, дзе тымчасам адбывалася прэзентацыя розных касцёльных рухаў і супольнасцей.

Чарговым пунктам сустрэчы стала канферэнцыя на тэму: «Святы Ян Павел ІІ — пілігрым надзеі», прысвечаная 105-й гадавіне з дня нараджэння Папы. Яе прамовіў ксёндз Павел Эйсмант, мадэратар апостальскага руху «Маргарытка» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Нечакана для тых, хто меркаваў, што канферэнцыя будзе на тэму апостальскіх падарожжаў святога Пантыфіка, святар засяродзіўся на чалавечнасці Папы-славяніна, звязваючы з гэтай цнотай выраз «пілігрым надзеі».

«Паняцце “пілігрым надзеі” непарыўна звязана з паняццем “чалавек” і “чалавечнасць”. Кожны хрысціянін, які крочыць шляхам надзеі ў Божае Валадарства, ужо падчас свайго зямнога жыцця павінен весці лад жыцця, належны чалавеку. Святы Папа Ян Павел ІІ з’яўляецца для нас у гэтым плане яскравым прыкладам»,

— пераканальна сцвердзіў ксёндз Павел Эйсмант.

Канферэнцыя суправаджалася паказам фотаздымкаў з Янам Паўлам ІІ, якія нікога з гледачоў не пакінулі абыякавым.

Напрыканцы канферэнцыі святар пажадаў сабе і прысутным вучыцца ад Вялікага Папы чалавечнасці, бо яна з’яўляецца асновай хрысціянскай дасканаласці, гэта значыць, святасці.

Чарговай падзеяй сустрэчы быў урачысты ўваход у касцёл групы дзяцей, якім спадарожнічалі каталіцкія скаўты. Малодшыя ўдзельнікі сустрэчы прынеслі з сабой куфэрак, у якім знаходзілася тое, з чым яны маюць вярнуцца дадому. Адчыніўшы яго, аказалася, што там была Біблія і маленькі глобус. Гэта азначала для дзяцей, што ім трэба быць сведкамі Езуса ў кожным месцы.

У гадзіну Божай Міласэрнасці прысутныя праз малітву Вяночка прасілі Бога «быць міласэрным да нас і да ўсяго свету». А асвячэнне рэлігійных прадметаў і пастырскае благаслаўленне біскупа Юрыя Касабуцкага завяршыла сустрэчу касцёльных рухаў і супольнасцей у Нацыянальным санктуарыі Беларусі. Вернікі вярталіся дадому з радасцю з прыналежнасці да свайго руху і з надзеяй на тое, што пасля хутка пражытага года ўсе ізноў сустрэнуцца разам пры любячым Сэрцы Багародзіцы.