“Бог не дазволіць з сябе здзекавацца”. У Волме з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча ўшанавалі святога Роха
- 19 жніўня, 2024
- Тэкст і фота: кс. Павел Эйсмант // Catholicminsk.by

16 жніўня супольнасць парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Волме (Валожынскі дэканат) адзначыла ўрачыстасць святога Роха, які з’яўляецца адным з заступнікаў парафіі.
Увечары святары, мясцовыя вернікі, а таксама шматлікія госці сабраліся на ўрачыстую святую Імшу ў парафіяльную святыню. Узначаліў парафіяльную ўрачыстасць арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.



Падчас гаміліі арцыпастыр узгадаў біяграфію святога Роха. Ён нарадзіўся ў французскім горадзе Манпелье ў рэлігійнай каталіцкай сям’і. Маленькі хлопчык меў на грудзях асаблівы знак – чырвоны крыж, – па якім бацькі зразумелі, што яму наканавана асаблівая жыццёвая місія. Гэты знак заставаўся з ім усё жыццё.
Пасля раптоўнай смерці бацькоў Рох раздаў бедным маёмасць, якую меў, выконваючы просьбу бацькі: “Захавай сваю хрысціянскую ідэнтычнасць. Будзь айцом для тых, хто знаходзіцца ў патрэбе: хворых, кульгавых, глухіх, бедных”. Апрануўшыся ў вопратку падарожніка, ён адправіўся ў Рым, каб наведаць магілы святых апосталаў Пятра і Паўла.
У адным з італьянскіх гарадоў, які ён наведаў, распачалася эпідэмія чумы, якая забрала шмат чалавечых жыццяў. Святы не стаў уцякаць з горада, але ўключыўся ў справу дапамогі і апекі над тымі, хто заразіўся гэтай страшэннай хваробай. І сталася так, што ён сам заразіўся чумой. Каб не наражаць іншых на небяспеку, ён пакінуў горад і пайшоў у лес, каб, як яму здавалася, памерці. Аднак да яго прыйшоў сабака з кавалкам хлеба. Пасіліўшыся, Рох аднавіў свае сілы. Сабака стаў прыходзіць да яго штодзённа, прыносячы яму хлеб і іншую ежу і залізваючы яго раны, якія пачалі гаіцца. Тады святы зразумеў, што Бог хоча, каб ён далей жыў.
Выздаравеўшы, Рох вырашыў вярнуцца ў Манпелье і надалей дапамагаць хворым. Аднак землякі яго не пазналі, бо ён быў увесь брудны, апрануты ў адзенне жабрака. Яго родны дзядзька прыняў яго за іншаземнага шпіёна і загадаў кінуць яго ў вязніцу. Святы прасядзеў там каля пяці гадоў, адмаўляючыся прызнацца, хто ён такі, і ахвяруючы сваё цярпенне за хворых і ўсіх тых, хто патрабаваў дапамогі. Тамжа ён закончыў сваё зямное жыццё.
Пасля смерці Роха дзядзька зайшоў у камеру і пабачыў дзіўнае святло, якое сыходзіла ад нябожчыка. Распрануўшы яго, той убачыў чырвоны крыж на грудзях, і зразумеў, што забіў свайго ўласнага пляменніка. У камеры ён знайшоў запіску: “Хто звернецца да мяне, заражаны хваробай, таго я вылечу”.
Культ святога Роха распачаўся хутка пасля яго смерці і распаўсюдзіўся не толькі ў Еўропе, але далёка па-за яе межамі. І нават у XXI стагоддзі падчас пандэміі каронавірусу вернікі ўзносілі свае малітвы да Бога праз заступніцтва святога Роха, просячы аб абароне ад гэтай маравой пошасці.

Іерарх звярнуў увагу на тое, што сёння нашмат больш страшнай “чумой”, чым мікраарганізмы, з’яўляецца грэх, які атручвае душу чалавека злосцю, нянавісцю, пагардай да Божых запаведзяў. “Лекам” на хваробу граху з’яўляецца навяртанне, выкананне волі Божай і вернасць Яго запаведзям на ўзор Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Роха. Аднак сённяшні чалавек не хоча лячыцца праверанымі духоўнымі лекамі, а наадварот, заганяе сябе ў пыху, стаючыся ідалам для сябе і іншых.
Арцыпастыр звярнуў увагу на праблему разводаў, якія складаюць каля 50% выпадкаў ад усіх заключаных сужэнстваў, калі “дзеці становяцца сіротамі пры жывых бацьках”. Таксама магутны дэструктыўны ўплыў на чалавецтва аказвае гендэрная ідэалогія, калі блытаюцца і змешваюцца паняцці “мужчына” і “жанчына”, “муж” і “жонка”, “бацька” і “маці”. Тым самым парушаецца спрадвечны натуральны Божы закон, што ўжо прывяло да глыбокага крызісу сям’і.
Грамадскае жыццё і культура ўсё больш адрываюцца ад рэлігійных каранёў, аднак, як падкрэсліў арцыбіскуп, слова “культура” паходзіць ад слова “культ”, гэта значыць, яна павінна быць моцна звязана з хрысціянскай верай. Аднак сённяшні свет “заражаны” секулярызмам і маральным рэлятывізмам і жыве так, быццам бы Бог ніколі не існаваў. Сумным прыкладам гэтага можа служыць цырымонія адкрыцця сёлетніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы, падчас якой гучала песня аб тым, што Бог непатрэбны, і ўсяму свету была прадстаўлена карыкатура на твор Леанарда да Вінчы “Апошняя Вячэра”. Яшчэ адзін прыклад – канцэрт у Брусэлі дзесяцігадовай даўніны, калі на заклік саліста аднаго з музычных гуртоў “д’ябал, я цябе люблю; д’ябал, прыйдзі да нас” на сцэну ўварваліся тэрарысты з аўтаматамі, забіваючы вялікую колькасць удзельнікаў гэтага бязбожнага мерапрыемства.

“Бог не дазволіць з сябе здзекавацца. Ён спачатку чакае, але потым можа моцна прамовіць да чалавека,” – папярэдзіў іерарх.
Напрыканцы казання арцыбіскуп звярнуўся да святога Роха: “Мы просім цябе, наш нябесны апякуне, выпрасі ў Бога ласку, каб мы не толькі дбалі пра здароўе цела, але даглядалі душу. Каб як мага больш людзей звярталася па “нябесную вакцыну” Божай ласкі. (…) Ахіні сваёй дапамогай наша цела і душу, каб яны служылі на хвалу Бога і дзеля дабра ўсіх людзей”.


Пасля святой Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія вакол касцёла, пасля чаго арцыбіскуп удзяліў прысутным пастырскае благаслаўленне.


Завяршаючым момантам было ўзнясенне абраза святога Роха, які быў дастаўлены на ўрачыстасць з вёскі Кавальцы. Менавіта ён падчас пандэміі каронавірусу пэрэгрынаваў па парафіі ад хаты да хаты. Пад ім, выходзячы з касцёла, з малітвай на вуснах прайшлі ўдзельнікі парафіяльнай урачыстасці.
