Skip to main content

Біскуп Аляксандр Яшэўскі ў Магілёве: «Надзея — гэта святло ў цемры, гэта любоў, якая не знікае»

28 снежня
  • 29 снежня, 2025
  • Тэкст: Ян Багдановіч / Фота Рыта Ляховіч // Catholicminsk.by

У нядзелю 28 снежня ў магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі сабраліся сотні вернікаў, каб разам адзначыць завяршэнне Юбілейнага года надзеі. Урачыстасць супала са святам Святой Сям’і — Езуса, Марыі і Юзафа, што надало падзеі асаблівы духоўны сэнс, бо менавіта сям’я з’яўляецца тым месцам, дзе нараджаецца і жыве надзея.

Катэдра была ўпрыгожана святочна: каля алтара запаленыя свечкі і ялінкі стваралі атмасферу цеплыні і малітоўнай засяроджанасці. Вернікі розных узростаў — ад дзяцей да старэйшых людзей — прыйшлі, каб падзякаваць Богу за гэты год і атрымаць новыя сілы для жыцця ў надзеі.

Святую Імшу ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і адказны за Магілёўскую вобласць біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Разам з ім Эўхарыстую канцэлебраваў пробашч парафіі ксёндз Уладзімір Русак.

У сваёй гаміліі біскуп звярнуў увагу на тое, што сям’я з’яўляецца першай школай веры і надзеі: «Менавіта сям’я — гэта месца, дзе нараджаецца і жыве надзея, дзе яна становіцца штодзённым хлебам, які падтрымлівае чалавека.

Як Святая Сям’я, якая перажыла выгнанне і небяспеку, але засталася вернай Божаму плану, так і мы пакліканы жыць надзеяй у нашых сем’ях, у нашых супольнасцях, у нашым грамадстве».

Іерах прывёў прыклад Юзафа, які, атрымаўшы загад ад анёла, дзейнічаў з верай і даверам: «Юзаф не проста ўцёк у Егіпет са Святой Сям’ёй. Ён чакаў. Ён верыў, што прыйдзе час вяртання. І калі прыйшоў час, анёл зноў з’явіўся яму ў сне, кажучы: “Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго ды ідзі ў зямлю Ізраэля”. Гэта сведчыць, што Бог заўсёды вядзе нас, нават калі мы не бачым дарогі».

Пастыр падкрэсліў, што Юбілейны год надзеі стаў для вернікаў часам асаблівага Божага благаслаўлення:

«Мы не закрываем надзею. Наадварот, мы павінны ўзяць яе з сабой у далейшае жыццё. Надзея — гэта святло ў цемры, гэта моц у слабасці, гэта любоў, якая не знікае. Яна вядзе нас праз усе дарогі жыцця і адкрывае перад намі вечнасць».

Асобная частка гаміліі была прысвечана ролі Божай ласкі ў сямейным жыцці. Біскуп выкарыстаў вобраз святла і цяпла, каб паказаць, як вера перамяняе дом: «Калі ў цёмны пакой уносяць палаючую лямпу, усё набывае ззянне і колер. Падобным чынам Божая ласка перамяняе сям’ю. Калі ўсе члены жывуць адроджанымі ў Езусе Хрысце, атмасфера сямейнага жыцця становіцца іншай, можна сказаць — боскай».

Іерарх прывёў словы святога Кіпрыяна, які пасля хросту адчуў поўную перамену: «Калі воды хросту змылі бруд папярэдніх гадоў, калі святло разлілося ў маіх вольных ад граху і чыстых грудзях, калі я быў напоўнены Нябесным Духам і праз сваё другое нараджэнне стаў новым чалавекам, тады сумненне адразу стала для мяне ўпэўненасцю, цемра стала святлом і ўсё, што раней здавалася немагчымым, стала лёгкім».

У завяршэнне казання біскуп звярнуўся з падзякай: «Дзякуй Табе, Божа, за нашыя сем’і і за гэты юбілейны год Надзеі. Благаславі нас, каб мы заўсёды жылі надзеяй, каб яна была нашым святлом і нашай радасцю.

Давайце адновім пашану да Святой Сям’і і памолімся каля ясляў, гледзячы на Езуса, Марыю і Юзафа як на ўзор для пераймання і як на апекуноў нашых сем’яў».

Традыцыйна падчас свята Святой Сям’і мужы і жонкі аднавілі свае сужэнскія абяцанні. Гэты момант стаў кранальным сведчаннем вернасці і любові, а таксама прыкладам для моладзі і ўсіх прысутных.

Пасля Імшы многія вернікі выходзячы з катэдры дзяліліся сваімі ўражаннямі.

Спадарыня Іна, маці траіх дзяцей, сказала: «Для мяне словы біскупа пра сям’ю як месца надзеі былі вельмі кранальныя. Я адчула, што Бог сапраўды вядзе нас праз усе цяжкасці».

Андрэй, малады вернік адзначыў: «Год Надзеі навучыў мяне давяраць Богу нават у моманты няпэўнасці. Сёння я адчуваю, што надзея — гэта сапраўды дар, які трэба несці далей».

Спадар Сяргей, пенсіянер, узгадаў: «Я памятаю цяжкія часы пераследу за веру, калі надзея здавалася далёкай. Але словы біскупа пра святло ў цемры нагадалі мне, што Бог ніколі не пакідае».

Марына, студэнтка, прызналася: «Для мяне важна бачыць прыклад Святой Сям’і. Гэта паказвае, што нават у складаных абставінах можна заставацца верным і моцным».

Асаблівым момантам урачыстасці стала ўмураванне і благаслаўленне памятнага знака ў сцяну катэдры. Ён будзе вечным сведчаннем Юбілейнага года надзеі. Біскуп Аляксандр Яшэўскі, благаслаўляючы яго, падкрэсліў: «Надзея — гэта святло ў цемры, гэта любоў, якая не знікае. І як гэты камень застанецца ў сценах катэдры, так і надзея павінна трывала жыць у нашых сем’ях і супольнасцях».

Свята ў Магілёве стала не толькі завяршэннем Юбілейнага Года Надзеі, але і сведчаннем таго, што надзея, якая зыходзіць ад Хрыста, здольная весці чалавека праз усе выпрабаванні і адкрываць перад ім перспектыву вечнасці.

Для вернікаў гэта быў год малітвы, супольнага сведчання веры і духоўнага ўзбагачэння.