Асвячэнне новага аргана адбылося ў мінскай парафіі ў Сухараве
- 18 мая, 2024
- Тэкст: Яна Баранава, кс. Павел Эйсмант, фота: Яна Баранава
16 мая, у літургічны ўспамін св. Андрэя Баболі, святара і мучаніка, прыпала 9-я гадавіна ад моманту асвячэння капліцы Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў мінскім мікрараёне Сухарава, дзе служаць айцы марыяне. У гэты дзень там адбылася святая Імша, якую узначаліў біскуп Юрый Касабуцкі. Адметнасцю гэтай Імшы стала асвячэнне новага электрычнага аргана, які быў дастаўлены ў мінскую капліцу з Нідэрландаў.
На пачатку Імшы іерарх прачытаў малітву благаслаўлення аргана, а таксама некалькі заклікаў, якія чаргаваліся з кароткімі прэлюдыямі, выкананымі на аргане кандыдатам мастацтвазнаўства, дацэнтам Уладзімірам Неўдахам. Апошняе ўваходзіла ў абрад тзв. “абуджэння” аргана. Пасля гэтага біскуп падняўся на хоры і акадзіў літургічны музычны інструмент Каталіцкага Касцёла.
У гаміліі біскуп Юрый засяродзіўся на асобе нябеснага заступніка гэтага дня, св. Андрэя Баболі. Іерарх адзначыў такія цноты святога як мужнасць і жыццё ў праўдзе. У нашыя дні праўда ўспрымаецца чалавекам як нешта адноснае, залежнае ад поглядаў канкрэтнага чалавека. Таму часта можна пачуць, што кожны сёння мае сваю праўду. Менавіта за сапраўдную, Божую праўду аддаў сваё жыццё св. Андрэй Баболя, бо ён быў моцна перакананы, што дзякуючы ёй дасягне вечнага збаўлення. Біскуп заклікаў слухачоў не баяцца цяжкасцяў, вызнаваць і бараніць Божую праўду ў сваім жыцці.
Пасля заканчэння Святой Імшы адбыліся разважанні з выкарыстаннем аргана пад кіраўніцтвам дацэнта Уладзіміра Неўдаха. Класічныя арганныя творы выканалі студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры БДАМ.