Арцыбіскуп Станеўскі ўдзяляе пілігрымуючым у Нацыянальны санктуарый і ўдзельнікам урачыстасцяў у Будславе дыспенсацыю ад абавязку ўстрымання ад мясных страваў
- 3 ліпеня, 2025

У пятніцу 4 ліпеня, на якую прыпадае першы дзень святкавання галоўных урачыстасцяў ў санктуарыі Маці Божай у Будславе, у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ўдзяляецца дыспенсацыя (вызваленне) ад абавязку ўстрымання ад спажывання мясных страваў.
У паведамленні курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на гэты конт гаворыцца наступнае:
Згодна з прадпісаннямі кан. 87 §1 і 1251 Кодэкса кананічнага права, маючы на ўвазе вялікае значэнне для вернікаў святкаванне ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, удзяляе дыспенсацыю ад абавязку ўстрымання ад спажывання мясных страваў на дзень 4 ліпеня 2025 года ўсім пілігрымам, якія накіроўваюцца на ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай у Нацыянальны санктуарый пешшу, а таксама рознымі відамі публічнага і прыватнага транспарту, а таксама ўсім, хто ў гэты дзень будзе знаходзіцца на тэрыторыі Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе.
Пры карыстанні з дыспенсацыі вернікі заахвочаюцца да малітвы ў інтэнцыі Касцёла ў Беларусі.