Skip to main content

Арцыбіскуп Кандрусевіч: Папа Францішак увёў у Касцёл дух «буэнас-айрэса» (ВІДЭА)

25 красавіка
  • 26 красавіка, 2025
  • Тэкст: Кс. Павел Эйсмант / Стоп-кадр: Youtube-канал «Радыё Марыя Беларусь»
  • Паводле Catholic.by

25 красавіка на Youtube-канале «Радыё Марыя Беларусь» з’явілася інтэрв’ю вядучай Вікторыі Кароль-Маўчанскай з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, які падзяліўся з гледачамі сваімі ўспамінамі пра Папу Францішка.

Ганаровы іерарх распавёў пра асабістыя сустрэчы з арцыбіскупам Буэнас-Айрэса кардыналам Хорхэ Марыё Бэргольё, а потым са Святым Айцом Папам Францішкам. Ён таксама паразважаў пра ролю спачылага Пантыфіка ў сучаснай гісторыі Касцёла.

Арцыпастыр падчас інтэрв’ю некалькі разоў прамовіў словы Папы, якія Францішак паўтараў падчас кожнага сіноду: «Маліцеся за мяне». Паводле меркавання арцыбіскупа Кандрусевіча, гэта — навучанне Папы, а яшчэ больш — жыццёвы прыклад пакоры, які ён пакінуў для кожнага католіка: трэба заўсёды памятаць пра штодзённую малітву, каб мець сілы ісці за Хрыстом.

Адметным момантам інтэрв’ю было разважанне іерарха пра этымалагічнае значэнне назвы горада Буэнас-Айрэса, сталіцы Аргентыны, цэнтра архідыцэзіі, ў якой наступнік святога Пятра быў пастырам перад яго выбарам на Святы Пасад. «Буэнас-Айрэс» па-іспанску азначае «новае, свежае паветра». Арцыбіскуп звязаў гэтае значэнне з рэформамі, якія ў Касцёле правёў Папа Францішак.

«Свежы подых духа прыйшоў у Касцёл з яго служэннем, і мы гэта адчулі»,

— сцвердзіў арцыпастыр.

Кажучы пра дзейнасць Папы па ачышчэнні Касцёла ад бруду граху і злачынстваў, якія выклікалі вялікія скандалы ў свеце, арцыбіскуп Кандрусевіч заўважыў:

«Шмат было зроблена ў тым напрамку, каб ачысціць Касцёл, каб гэты новы дух, дух “буэнас-айрэса” ўвайшоў у жыццё Касцёла».

Поўнасцю паглядзець інтэрв’ю з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам можна ніжэй.