Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на Божае Нараджэнне наведаў тры парафіі ў Брэсце
- 27 снежня, 2025
- Фота: кс. Павел Эйсмант, Захар Кузьміч // Catholicminsk.by
У гэтым годзе арцыбіскуп эмэрыт цэлебраваў Імшу Пастэрку ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце, а на Урачыстасць Нараджэння Пана ўзначаліў ранішнюю Эўхарыстыю ў касцёле Маці Божай Каралевы і вячэрнюю ў касцёле святога Юзафа.
Яшчэ ў далёкім 1989 годзе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч спрычыніўся да адкрыцця брэсцкага касцёла Узвышэння Святога Крыжа, дзе сёлета прайшла Пастэрка з удзелам іерарха, — і музей нанова стаў месцам сустрэчы чалавека з Богам.
На пачатку ўрачыстага набажэнства дзеці прадставілі сабраным сцэну Нараджэння Езуса.

У скіраванай да вернікаў гаміліі заслужаны іерарх падкрэсліў, што Нараджэнне Сына Божага ў Бэтлееме 2000 гадоў таму з’яўляецца паваротным пунктам у гісторыі чалавецтва. Бог Старога Запавету, далёкі і нябачны, суровы і караючы, стаў блізкім, прыйшоў з чалавечым сэрцам і тварам, каб быць доўгачаканым Эмануэлем — Богам з намі.
— заахвоціў прысутных да разважання над таямніцай Уцелаўлення прамоўца.

Паводле іерарха, Езус, які нарадзіўся ў звычайнай пячоры сярод хатніх жывёл, найбольш прагне мець месца ў сэрцы чалавека.
— адзначыў важны аспект Урачыстасці цэлебрант.
Арцыпастыр са шкадаваннем адзначыў, што, на вялікі жаль, людзьмі часта кіруе не любоў да бліжняга, якая выплывае з любові да Бога, а любоў да саміх сябе. У свеце нарастаюць тэндэнцыі да эгаізму і геданізму, схільнасць быць першымі і заўважальнымі, чаму вельмі спрыяюць сацыяльныя сеткі.
— схіліў да развагаў з дапамогай яскравага прыклада дастойны іерарх.
Прамоўца адзначыў, што праявы мас-культуры трапляюць нават у месцы культу і асаблівай ласкі, чаму прыкладам з’яўляецца продаж цацкі-монстра лабубу на будслаўскім і іншых фэстах. Паводле іерарха, веруючы чалавек пакліканы быць незгасальнай зоркай на небасхіле Божага Валадарства, не ісці на непрымальныя кампрамісы і не паддавацца гандлю ідэаламі.

Іерарх канстатаваў, што ў хрысціянскай рэлігіі Хрыстус не можа быць аддзелены ад Яго Евангелля. Як спевака нельга аддзяліць ад песні, таксама і жыццё чалавека павінна быць аб’яднана з Евангеллем, якое вучыць любіць Бога і бліжняга.
— гэтым заклікам Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў гамілію.
Напрыканцы набажэнства іерарх на розных мовах павіншаваў вернікаў з Божым Нараджэннем і наступаючым Новым 2026 годам, пажадаў ім ласкі нованароджанага Збаўцы на кожны дзень і падзяліўся з імі аплаткай.
У першы дзень святаў Божага Нараджэння арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч раніцай цэлебраваў Імшу ў касцёле Божай Маці Каралевы, а вечарам — у касцёле святога Юзафа ў Брэсце.
Дастойны іерарх нагадаў вернікам, як першы раз цэлебраваў Імшу ў касцёле Марыі Каралевы ў далёкім 1989 годзе, а ў 2016 годзе асвяціў касцёл святога Юзафа, таму, па ягоных словах, з вялікай радасцю моліцца ў гэтых святынях на свята Божага Нараджэння.

У гаміліі арцыпастыр адзначыў, што Уцелаўленне Сына Божага змяніла гісторыю свету, бо Бог увайшоў у яго ў чалавечай асобе, з чалавечым сэрцам і тварам.
— наблізіў тэалагічную сутнасць евангельскай падзеі іерарх.
Арцыпастыр нагадаў, што Нараджэнне Хрыста — гэта ажыццяўленне старажытнай надзеі. Стары Запавет быў доўгім падарожжам, якое рыхтавала чалавецтва да прыняцця Бога ў чалавечым целе. Тысячагоддзямі людзі жылі ў цёмным тунэлі, чакаючы Збаўцу. І Бог, верны Сваім абяцанням, не пакінуў Свайго стварэння — святло надзеі заззяла ў грахоўнай цемры.
Цэлебрант адзначыў таксама, што святло Хрыста праз нашае хрысціянскае сведчанне і жыццё павінна дасягнуць самых цёмных куткоў сучаснага свету, скажонага секулярызмам. Іерарх канстатаваў, што сучасны свет больш схільны да свецкіх, а не да духоўных спраў. Каляды ўсё больш становяцца камерцыйнымі, характарызуюцца закупамі і чэргамі ў супермаркетах, дзе можна знайсці ўсё, акрамя Хрыста. Але без Яго не будзе сапраўднага свята.
— заклікаў арцыпастыр.
Гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў пажаданнямі, каб Божае Нараджэнне было не толькі прыгожай традыцыяй, але і момантам асабістай сустрэчы са Збаўцам, які з’яўляецца адзінай і сапраўднай надзеяй. Каб, як пілігрымы надзеі, вернікі маглі ісці з Ім у новае заўтра, сагрэтыя радасцю нараджэння Збаўцы.





































